Вы тут

Ратавальнікі дапамаглі міліцыі затрымаць рэцыдывіста

БЕЛТА

Спецтэхніка ратавальнікаў спатрэбілася міліцыянтам, каб затрымаць рэцыдывіста, падазраванага ў серыі крадзяжоў, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама. 

Сёлета ўвесну ў Оршы і яе ваколіцах адбылося некалькі крадзяжоў дамоў, якія будаваліся. Зламыснікі адціскалі шклопакеты і забіраліся ў дамы. Прычым працавалі яны настолькі віртуозна, што многія ўладальнікі нават не падазравалі пра крадзяжы. Здабычай зламыснікаў станавіліся дарагія электраінструменты, цёплыя падлогі і бытавая тэхніка — напрыклад, варачная паверхня і пральная машына.

Аператыўнікі змаглі выйсці на след падазраванага. Гэта быў раней неаднаразова судзімы жыхар пасёлка Барань. 44-гадовы мужчына нядаўна выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Крадзеную маёмасць ён, карыстаючыся сваімі крымінальнымі сувязямі, збываў як у Беларусі, так і ў Расіі.

Падчас затрымання мужчына забарыкадаваўся ў сваiм жыллi. Міліцыянты былі вымушаныя выклікаць ратавальнікаў і карыстацца іх спецтэхнікай. Толькі пасля таго, як супрацоўнікі МНС сталі пілаваць ўваходныя металічныя дзверы, мужчына вырашыў здацца.

Праваахоўнікі лічаць, што на рахунку зламысніка як мінімум восем крадзяжоў. На яго пачалі крымінальную справу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.