Каб заблытаць следчых, мядзельскія злодзеі кінулі шпрыцы каля абакрадзенай крамы

Каб заблытаць следчых, мядзельскія злодзеі кінулі шпрыцы каля абакрадзенай крамы

У Мядзельскім раёне Міншчыны праваахоўнікі затрымалі крымінальны квартэт, які абакраў вясковую краму. 
 
Як адзначае прэс-служба мінскай абласной міліцыі, крадзеж з крамы два дарослыя жыхары Мядзела планавалі старанна і доўга. У саўдзельнікі яны ўзялі двух 16-гадовых школьнікаў. Крама, якую яны выбралі для злаынства, не мела кратаў на вокнах, дый запоры там былі не самыя надзейныя.

Па словах першага намесніка начальніка Мядзелскага РАУС Уладзіміра Ермаловіча, "на справу" зламыснікі выйшлі ўначы ў балаклавах і пальчатках. Шклопакет у краме адціснулі манціроўкай. Здабычай іх сталі прадукты харчавання, адзенне і спіртное на суму звыш 2000 рублёў. 

"Злодзеям можна было не даць уцячы і затрымаць іх па гарачых слядах, калі б прадаўцы не праігнаравалі смс-паведамленне, якое паступіла на іх тэлефоны пры спрацоўцы GSM-сігналізацыі", — дадае Ермаловіч.

Каб замесці сляды, маладыя людзі раскідалі каля крамы скарыстаныя шпрыцы: яны спадзяваліся, што міліцыянты падумаюць на мясцовых наркаманаў. Пустую тару ад скрадзенага спіртнога яны падкідвалі п'яніцам.

Знайсці крымінальны квартэт здолелі дзякуючы аператыўным звесткам і слядам, пакінутым на месцы здарэння. Адзін са зламыснікаў выпадкова разбіў бутэльку з віном і пакінуў на падлозе сляды абутку. Пазней у доме аднаго з саўдзельнікаў міліцыянты знайшлі кеды, ад якіх застаўся след. 

Праз некалькі дзён пасля крадзяжу ў злодзеяў засталося толькі спіртное. Яны пачалі абменьваць крадзеныя цыгарэты на бульбу ды іншае харчаванне ў жыхароў Мядзела.

Цяпер на іх пачалі крымінальную справу за крадзеж, учынены групай асоб. Зламыснікам пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Старэйшых могуць таксама абвінаваціць у далучэнні непаўналетніх да злачынства — па гэтым артыкуле ім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі