Каб пазбегнуць размеркавання, трэба выйсці замуж за міліцыянера

А яшчэ ажаніцца з дэпутатам, дыпламатам, кдб-эшнікам і пазбягаць шлюбу з замежнікамі, маладымі спецыялістамі і студэнтамі. Дарэчы, выпускнік можа размеркаваць сябе ва ўласнае ІП. Прыклад 1. Еўрарадыё ўважліва прачытала новае Палажэнне аб размеркаванні студэнтаў і знайшла некалькі цікавых момантаў, як можна “адкасіць”. Мы абтэлефанавалі ВНУ, але там дакумент трактуюць па-рознаму. У мінулым годзе студэнцкую сям’ю маглі размеркаваць па розных раёнах: жонка, напрыклад, едзе ў Салігорск, а муж працуе ў Мінску. Сёлета гэта не будзе тычыцца тых, у каго другая палова не малады спецыяліст. Гэта значыць, калі муж ці жонка ўжо адпрацавалі 2 гады, тады смела можна разлічваць на вольны дыплом. Выключэннем становяцца замежнікі. Калі муж з Піцера, для сяброў камісіі гэта нічога не мяняе. Па словах супрацоўніцы аддзела кадраў БДУ, жонка трапляе пад абавязковае размеркаванне.

Аддзел кадраў БДУ: Такая студэнтка не вызваляецца ад размеркавання і не мае права на вольны дыплом.

Начальнік аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Аляксей Пчалінцаў кажа, што шлюб з замежнікам яшчэ не падстава, каб пазбегнуць размеркавання. У мінулым годзе размеркавалі выпускніцу, якая выйшла замуж за замежніка, але дзяўчына на месца працы не даехала, таму зараз выплочвае дзяржаве грошы.

Аляксей Пчалінцаў: Ну, хто яе вызваліць ад размеркавання? Калі яна грамадзянка Беларусі, і калі яна навучалася за кошт сродкаў бюджэту, то ў яе два варыянты. Першы варыянт – гэта вярнуць назад грошы ў бюджэт, атрымаць самастойнае ўладкаванне на працу і ехаць куды хоча. Другі варыянт – гэта адпрацаваць два гады і пасля гэтага ехаць куды пажадае.

Як даведалася Еўрарадыё, ва ўніверсітэтах ужо пазнаёміліся з новым Палажэннем, але кожны трактуе яго па-свойму. Інжынер аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Наталля Шыдлоўская кажа Еўрарадыё зусім адваротнае.

Еўрарадыё: Калі дзяўчына замужам за…
Наталля Шыдлоўская: …неграм, ці за расіянінам, ці яшчэ што-небудзь, тады яна атрымлівае права самастойнага працаўладкавання.

Прыклад 2. Яшчэ адзін спосаб, як яшчэ можна “адкасіць” ад размеркавання – стаць студэнту ІПэшнікам і размеркавацца да самога сябе. Напрыклад, студэнт педагагічнага універсітэта можа адкрыць фірму, якая займаецца паслугамі рэпетытарства, і прыслаць сам на сябе заяўку. Гэтую магчымасць нам пацвердзіла вядучая супрацоўніца аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Танка Алена Барадуля.

Алена Барадуля: У першую чаргу, гэта павінна быць праца па спецыяльнасці. Мы задавальняем дзяржаўныя ўстановы, і калі нам не трэба столькі спецыялістаў па яго спецыяльнасці, тады мы можам размяркоўваць у прыватныя прадпрыемствы.
Еўрарадыё: Значыць, ён можа нават размеркавацца ва ўласнае ІП?
Алена Барадуля: Можа, калі гэта будзе праца па спецыяльнасці.

Па словах Алены Барадулі, больш за ўсё заявак прыходзіць на фізікаў і матэматыкаў, а вось гісторыкі і сацыяльныя педагогі часта атрымліваюць вольныя дыпломы, бо яны не патрэбны нават на вёсцы.

Прыклад 3. Ідзем далей. З новым Палажэннем жонкі прадстаўнікоў выбраных пасад у дзяржаўных органах не трапляюць пад размеркаванне. Такім чынам, усе дэпутаты "адмазалі" сваіх жонак ад працы на раёне. Да гэтага спісу яшчэ далучылі працаўнікоў Міністэрства замежных спраў, накіраваных у службовую камандзіроўку. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце прыгадалі выпадак, калі дзяўчыну ў мінулым годзе размеркавалі на раён, нягледзячы на тое, што муж працаваў у Казахстане, але пасля яна дабілася пераразмеркавання і атрымала вольны дыплом. Жонкі (мужы) міліцыянераў, пракурораў, мытнікаў, КДБ, МНС таксама застаюцца разам са сваімі паловамі. Еўрарадыё вырашыла высветліць, калі муж, малады спецыяліст, займае пасаду ў Мінгарвыканкаме альбо міністэрстве, ці мае яго жонка такую палёгку. У аддзеле кадраў БДУ нам адказалі адмоўна.

Аддзел кадраў БДУ: Начальнік аддзела сказаў, што ў яе няма ніякіх падстаў. Камісія будзе разглядаць яе сямейнае становішча.

Калі дзяўчына паспела заключыць дамову з якой-небудзь арганізацыяй, тады ніякі чыноўнік-муж ёй не дапаможа адкруціцца ад размеркавання.

Прыклад 4. Вольны дыплом атрымаюць цяжарныя і тыя студэнты, у якіх ёсць дзіця ва ўзросце да 3-х гадоў. Разлічваць на такую палёгку студэнтам, чые дзеці старэйшыя за 3 гады, не прыйдзецца: такі нюанс камісія нават не разглядае. Еўрарадыё расказвала гісторыю, калі выпускніца журфака БДУ Алена паехала па размеркаванні ў Слаўгарад, а яе 6-гадовая дачка засталася ў Мінску разам з мужам.

Прыклад 5. Не менш цікавы момант, як прадастаўляецца месца працы: па атрыманай спецыяльнасці ці прысвоенай кваліфікацыі? Паводле новага Палажэння, студэнта могуць размеркаваць толькі па кваліфікацыі, але з гэтым згодны не ва ўсіх універсітэтах.

Аддзел кадраў БДУ: Мы размяркоўваем па спецыяльнасці.

Тое ж самае Еўрарадыё адказалі ў Лінгвістычным універсітэце і Педагагічным, толькі ў БНТУ будуць размяркоўваць згодна з новым Палажэннем.

Наталля Шыдлоўская: Калі вы не згодны, што вас размяркоўваюць не па кваліфікацыі, тады ніхто не мае права вас прымусіць. Гэта толькі з вашай згоды могуць адправіць па іншай заяўцы. Калі вы паехалі, а вам не могуць там прадаставіць месца працы і вы з чымсьці не згодныя, тады вы бярэце з іх ліст і вяртаецеся назад ва універсітэт.

Як даведалася Еўрарадыё, у сярэднім у дзень у БНТУ прыходзіць 15 заявак з усіх рэгіёнаў, але шанец застацца ў Мінску ўсё ж такі ёсць. Напрыклад, трактарны, аўтазавод і маторны забіраюць на працу амаль цэлы выпуск. У новым Палажэнні з’явіліся некалькі нюансаў, але пытанне з жыллём так і засталося адкрытым: яно будзе прадастаўляцца толькі па жаданні і магчымасці працадаўцы.


Фота — liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі