Каб пасябраваць з Еўропай, Беларусь гатова абараніць Калінінград ад Літвы

На думку экспертаў, з дапамогай вучэнняў “Захад-2009” Расія хоча прадэманстраваць сваю сілу NATO, а Беларусь — падштурхнуць Еўрасаюз да сяброўства з нашай краінай
9 верасня ў Беларусі пачаліся чарговыя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні “Захад-2009”. Еўрарадыё адсачыла, як змянялася “легенда” вучэння і наш умоўны вораг.

Шэсць год таму на беларуска-расійскіх вучэннях “Чыстае неба-2003” вайскоўцы адпрацоўвалі тактыку барацьбы з мясцовымі этнічнымі экстрэмістамі. Паводле “легенды”, тэрыторыя Беларусі падзеленая на дзве дзяржавы — “Сінюю” і “Чырвоную”. На тэрыторыі “Чырвонай” дзяржавы існуе памежны “Далінны” раён, населены этнічнымі групамі “сініх”. Яны, адпаведна, хочуць далучыцца да “Сіняй” дзяржавы. Урэгуляваць канфлікт мірным шляхам не ўдаецца. І “сінія”, абапіраючыся на падтрымку апазіцыйных сіл “чырвоных”, плануюць шляхам паветраных і наземных наступаў далучыць  “Далінны” раён да сваёй тэрыторыі. “Чырвоныя” павінны гэтага не дапусціць.

Як бачна, гіпатэтычная небяспека сыходзіць ад унутраных ворагаў і ўяўляе такую ж унутраную праблему.

Унутранай пагрозе — праўда, не адной, а адразу чатыром краінам СНД — супрацьстаялі вайскоўцы падчас сумесных вучэнняў “Бастыён-Антытэрор-2008”. Згодна з “легендай”, група тэрарыстаў дзейнічае на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Малдовы і Ўкраіны. Спецслужбы гэтых краін адпрацоўвалі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і захоп тэрарыстаў з вызваленнем закладнікаў.

Пагадзіцеся, знайсці злодзея і затрымаць яго, не нашкодзіўшы пры гэтым магчымым закладнікам, — уменне неабходнае. І ў мірны час у тым ліку.

Сёлетнія расійска-беларускія вучэнні “легендай” моцна адрозніваюцца ад папярэдніх. Гэтым разам на нашую краіну здзейсніў напад знешні вораг. Такі моцны і агрэсіўны, што адбіцца ад яго нам дапамагае Расія.

Вораг з унутранага стаў знешнім раптоўна. Чаму так, вайскоўцы патлумачыць адмаўляюцца. Так, кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык заявіў “Камерсанту”, што падрабязнасці “легенды” — ваенная таямніца.

На думку журналіста газеты “Беларусы і рынак” Аляксандра Алесіна, які спецыялізуецца на вайсковай тэматыцы, ворага для сумесных вучэнняў выбіралі расійскія генералы.

Аляксандр Алесін:
“Захад-2009” — гэта не беларускія вучэнні. І нават не беларуска-расійскія, а расійска-беларускія. Беларусь тут вядзёная, а Расія галоўную скрыпку грае”.

А тое, з чаго прадстаўнікі Мінабароны хочуць зрабіць таямніцу, ёю не з’яўляецца для любога, хто ведае геаграфічнае знаходжанне Беларусі.

Аляксандр Алесін:
“Для Беларусі з Расіяй няма выбару праціўніка. Гэта абумоўлена геаграфічным знаходжаннем. Зразумела, што калі і адбудзецца ваеннае сутыкненне, то найбольш верагодна, што паміж NATO і Расіяй, альбо АДКБ”.

Такім чынам, згодна са словамі аналітыка, Расія імкнецца "пайграць мускуламі" перад Захадам.

Аляксандр Алесін:
“Магчыма, яна нешта хоча паказаць Захаду, які ўсё больш аб’ядноўваецца супраць яе энергетычнага ціску. Магчыма, ва ўмовах, калі іх армія знаходзіцца ў глыбокім крызісе і рэформа ваенная не ўдаецца, гэта піяр-ход, разлічаны на знешні свет, — расійская армія існуе, яна магутная і дзеяздольная”.

З тым, што ініцыятарам выбару ворага з’яўляецца Расія, згодны і шэф-рэдактар “Незалежнага ваеннага аглядальніка”, дадатку да расійскай "Независимой газеты", Ўладзімір Салаўёў. І што вораг — гэта ЗША і NATO.

Уладзімір Салаўёў: “Зразумела, што на ўсякіх вучэннях павінен быць вызначаны праціўнік. Іншая справа, што з пункту гледжання паліткарэктнасці пра гэта не кажуць услых. Можна замаскіраваць пад напад нейкіх невядомых, ледзь не іншапланецян у складзе бандыцкіх груп. Але зразумела, што гэтыя вучэнні, як і іншыя ў межах СНД, дзе галоўным ініцыятарам з’яўляецца Расія, звязаныя са знешнепалітычнымі асцярогамі, якія ёсць у Маскве. Гэтыя асцярогі не што іншае, як ЗША і блок NATO”.

Але, на думку расійскага эксперта, ад такога выбару ворага выгада ёсць і для Беларусі — падштурхнуць Еўрасаюз да больш хутчэйшага наладжвання сяброўскіх адносін з нашай краінай.

Уладзімір Салаўёў: “Палітыка — гэта справа ўзаемных саступак і кампрамісаў. І ў выпадку з гэтымі вучэннямі Мінск дасылае сігнал Еўрасаюзу, што, маўляў, не такія ўжо мы і слабыя. І калі Еўрасаюз не хоча з намі сябраваць па-сапраўднаму, то ў нас ёсць іншыя саюзнікі. У тым ліку і ваенныя”.

Еўрасаюз, хутчэй за ўсё, добра зразумее гэты пасыл, лічыць беларускі аналітык Аляксандр Алесін. Вось толькі ці спадабаецца гэта Расіі, яшчэ пытанне.

Аляксандр Алесін: “Я не думаю, што гэтыя вучэнні сапсуюць нашыя адносіны з Еўрасаюзам. Гэта, наадварот, прымусіць Захад памножыць намаганні па адколу Беларусі ад Расіі, па вывядзенні яе з арбіты Расіі”.

Нягледзячы на спробы навесці таемнасць на “легенду” вучэнняў “Захад-2009”, у другой палове дня 9 верасня яна стала вядомая. Паводле "легенды", на Калінінградскую вобласць напалі агрэсары з тэрыторыі Літвы. Пры чым тут Беларусь, на тэрыторыі якой праходзяць вучэнні, не зразумела. Як не зразумелы і маштаб вучэнняў: на нашую зямлю прыйдуць дзве расійскія арміі ў поўным складзе — каля 6 тысяч вайскоўцаў. І беларускіх будзе каля 7 тысяч.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі