Каб не “гемароіцца” ў Мінску, Ляпісы прэзентуюць новую праграму ў Віцебску

Сяргей Міхалок распавёў Еўрарадыё, што ўбачаць і пачуюць гледачы на канцэрце 14 верасня ў Віцебску, чаму новы альбом не прэзентуюць у Мінску і з-за чаго ён перастаў спяваць свае старыя песні.
14 верасня ў віцебскім Летнім амфітэатры адбудзецца вялікі сольны канцэрт гурта "Ляпіс Трубяцкой", падчас якога беларуская публіка першай зможа пачуць амаль увесь новы альбом "Маніфест". Новы дыск, як і яго папярэднік, "Капітал", быў запісаны ў Кіеве на студыі "211" і цяпер знаходзіцца на стадыі звядзення. Чакаецца, што сярод 12 песень у альбом патрапяць і дзве беларускамоўныя — "Зорачкі" і "Belarus Freedom".

Як распавёў Еўрарадыё лідэр “Ляпісаў” Сяргей Міхалок, праграма, якую яны сыграюць у Віцебску будзе істотна адрознівацца ад той, што была на мінскім канцэрце 9 траўня. Да таго ж плануецца паказаць новую відэаінсталяцыю.

“З новага альбома мы будзем граць 10 рэчаў. Увесь альбом 12 песень. Многія з іх будуць увогуле ўпершыню на публіцы сыграныя. Так што можна назваць гэта і прэзентацыяй. У цэлым гэта будзе новая праграма. Канешне, яна кардынальна не адрозніваецца ад той праграмы, якую мы апошні год граем, таму што яна ў прынцыпе была для нас ужо мадэрнісцкай у дачыненні да нейкіх старых нашых канцэртаў. У кожным разе я думаю, што яна будзе дастаткова моцна адрознівацца ад той праграмы, якую мы гралі 9 траўня ў Мінску”.

Сяргей Міхалок вельмі рады, што беларусы першымі пачуюць новую праграму. Раней прэзентацыя дыска ў нашай краіне праходзіла ледзь не ў апошнюю чаргу. Віцебск, па словах Сяргея, быў абраны па дзвюх прычынах: у Мінску канцэрт нядаўна быў, а па-другое, у сталіцы шмат “гемарою” з арганізацыяй такіх мерапрыемстваў.

“Мы ў Мінску зрабілі нядаўна канцэрт. Усе канцэрты тут звязаныя з вялікай энергазатратай. Вельмі шмат прыпонаў разнастайных. Нейкія інстанцыі, безліч нейкіх пажарнікаў, кіраўнікоў, чыноўнікаў… Мне гэты “гемарой” не вельмі падабаецца”.

Апошнім часам старыя песні замест Міхалка выконвае другі вакаліст Павел Булатнікаў. Сяргей тлумачыць гэта “гарманальнай ломкай”.

“Гэта звязана з тым, што ў мяне гарманальныя ломкі. Як у Рабэрціна Ларэцці. Таму многія старыя песні я ўжо не магу выцягваць, а Паша больш малайцаваты чалавек — ён сваім фальцэтам выцягвае”.

Нагадаем, канцэрт у Віцебску адбудзецца 14 верасня. Кошт квіткоў ад 10 да 50 тысяч рублёў. Адразу пасля гэтага “Ляпісы” павязуць новую праграму ў тур па Расіі, які завершыцца 24 кастрычніка прэзентацыяй альбома ў Маскве. Мяркуецца, што "Маніфест" паступіць у продаж у сярэдзіне лістапада.

Фота: Юрый Федарэнка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі