Вы тут

J:морс выпусціў кліп з кадрамі першай беларускай кругасветнай авіявандроўкі

Фота Андрэя Давыдчыка

J:морс сумесна з праектам Letim.by выпусціў новы кліп на песню “Крылы”. Ролік складаюць дакументальныя кадры, знятыя падчас першай беларускай кругасветнай вандроўкі на лёгкаматорным самалёце.

У жніўні-верасні 2018 года беларусы Аляксандр Цэнтар і Андрэй Барысевіч на Cessna 182T з беларускім рэгістрацыйным нумарам EW 490-LL абляцелі вакол зямнога шара. За 30 дзён падарожжа яны пераадолелі 30 тысяч кіламетраў, у тым ліку такія асабліва складаныя часткі, як пералёт над Атлантычным акіянам. І гэта ўсё на аднаматорным вінтавым самалёце даўжынёй менш за 10 метраў.

“Калі даведаўся, што беларускія хлопцы выправіліся ў кругасветку на самалёце, радаваўся нібы дзіця! — прызнаецца лідар J:морс Уладзімір Пугач. — Мяне заўжды прываблівалі такія праекты. Я сам люблю падарожнічаць. Але калі мы праглядалі для кліпа відэаматэрыял з пералёту, зразумеў, што з гэтым нічога немагчыма параўнаць. Хіба што, палёт у космас”.

У сваю чаргу пілот Аляксандр Барысевіч прызнаецца, што J:морс — адзін з яго любімых гуртоў.

Па выніках пералёту Letim.by прадставіць паўнафарматны фільм, таму кліп цалкам можна лічыць трэйлерам да яго. А песня “Крылы” дала назву новай канцэртнай праграме “J:морс”, прем’ера якой адбудзецца 14 лютага ў Prime Hall.