J:Морс "Электричество"



Ведаеце, так атрымалася, што альбом гурта J:Морс “Электричество” ўжо паспелі абмеркаваць і выказаць сваё стаўленне ўсе хто заўгодна. Таму наўрад ці я здолею распавесці вам нешта новае, хутчэй за ўсё, я буду паўтараць ужо выказаныя думкі экспертаў. Але давайце паспрабуем, і давайце пачынаць ад першай і адначасова загалоўнай песні “Электричество”.



Пагадзіцеся, калі альбом пачынаецца словамі “Усе хлусяць”, гэта ўжо неяк насцярожвае, не ведаеш чаго чакаць далей. Так атрымалася выпадкова, ці музыкі планавалі пачаць дыск менавіта гэтымі словамі?! Тым больш, песня-та загалоўная… Асабіста ў мяне гэтае пытанне засталося адкрытым, бо ўсе песні альбома гучаць дастаткова шчыра, а таму сцвярджэнне, што ўсе хлусяць - супярэчлівае. Але гэта я жартую!

У любым выпадку, песня атрымалася зусім J:Морс-аўскай, часоў, так, альбома “Апрель”. І гэты факт адразу выклікае пытанне: пра якія крокі наперад казала большасць музычных крытыкаў у сваіх артыкулах? А адказ на пытанне атрымліваем ужо ў наступным трэку.



Пра песню “Мамонов” размовы вяліся яшчэ да выхаду альбома. Калі я не памыляюся, то ўспрынятая яна была “на ўра” літаральна ўсімі. Адразу пачаліся размовы пра новае гучанне J:Морс, пра неверагодна рокавы новы альбом, пра змены ў падыходзе да тэкстаў, новыя вобразы і гэтак далей. Ведаеце, што тычыцца тэкстаў, то я з задавальненнем пагаджуся. Як не сорамна прызнавацца, але раней добрую палову песень я не разумеў, а гэтым разам усё стала больш, так бы мовіць, празрыста. І вельмі радуе з’яўленне новай падачы вобразаў і настрою, той жа Мамонаў, ці Пуцін у песні “Из космоса”.



Гэты ж трэк пачынаецца з жартаўлівай уставачкі-распеўкі перад запісам. На мой погляд, выклікаць усмешку тым, што ты не заўжды ідэальны, гэта сур’ёзны рост.



Дарэчы, гумару на альбоме “Электричество”, як у аранжыроўках, так і ў тэкстах, хапае. Вось па гэтым крытэрыі J:Морс прасунуліся наперад. А калі казаць пра так моцна чаканую “рокавасць” новага гучання, то, на жаль, я яе не пачуў. Што б хто не казаў, але як быў гурт салодка поп-рокавым, такім і ёсць. Пагаджуся з адным з крытыкаў: J:Морс так і застаецца моцна накіраваным на рамантычных дзяўчынак.



Ведаеце, я заўсёды казаў і буду казаць, што беларускамоўныя трэкі J:Морс, чамусьці гучаць значна мацней. Нават тыя песні, якія папросту перакладзеныя на беларускую мову. Я ніколі не быў нацыяналістам і добра рэагую на беларускую музыку хоць бы і на японскай мове. А вось J:Морс чамусьці ёсць жаданне слухаць толькі па-беларуску. Усё гэта я кажу не проста так. Мне вельмі не хапіла беларускамоўных песень, хоць тая адзіная, якая ўсё ж прысутнічае на альбоме, мне прыйшлася даспадобы. І таксама гэты факт невытлумачальны, бо не з’яўляюся заўзятым аматарам французскага шансону.



Ды і гісторыя, якая апісваецца ў песні, простая і далёка не новая, а ўражвае. Я гэта магу патлумачыць толькі сапраўды таленавітым вершам і адчуваннем мовы Уладзіміра Пугача.

Ну і на заканчэнне сённяшняй Аглядачы дадам, што кожны раз, калі слухаў гэты альбом, я чамусьці ўпадаў у стан задуменнасці. Магчыма, мне шанцавала, і я слухаў дыск выключна ў лірычным настроі, а магчыма, што менавіта такой і павінна быць электрычнасць гурта J:Морс.

Гук "Перадачы-Аглядачы"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі