Іван МАКУШОК: “Гэта будзе ядзерная зброя не Беларусі, а Расіі”

Прэс-сакратар дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Макушок распавёў Еўрарадые, што беларускі бок гатовы разгледзець пытанне aб увядзенні ядзернай зброі, калі расійскі бок звернецца з такой прапановай. І прывёў прыклад Турцыі, якая, нягледзячы на бяз’ядзерны статус краіны, размясціла ў сябе амерыканскія ракеты.
Наколькі гэта юрыдычна магчыма, ўвесці ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі? Наша краіна, нагадаем вам, бяз’ядзерная дзяржава.

Так, на сённяшні дзень Беларусь – бяз’ядзерная дзяржава, але што значыць парушыць заканадаўства? Можа быць прынята пэўнае рашэнне. Зброя не будзе ўводзіцца без рашэння прэзідэнта і ўраду. Не варта забываць пра тое, што ў Беларусі і Расіі саюзнае СРА (сыстэма супрацьракетнай абароны), а нашыя вайскоўцы таксама шчыльна і эфектыўна працуюць…

Ці значыць гэта, што на падставе саюзных дамоваў Расія зможа ўвесці зброю ў Беларусь?

У Саюзнай дамове нічога не гаворыцца пра ядзерную зброю. Але гэтыя пытанні могуць паставіць – вось што самае галоўнае. Не тое, што ўводзяць ядзерную зброю, у нас і ракетаў цяпер няма… Іх могуць зрабіць толькі праз паўгода, калі пачнуць вытворчасць пускавых установак у верасні. Гаворка ідзе пра тое, што разгляд гэтых пытанняў у прынцыпе магчымы.

Але якім чынам, калі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прапісаны яе бяз’ядзерны статус?

Па-першае, справа ў тым, што ў любым разе гэта будзе ядзерная зброя не Беларусі, а Расіі. Па-другое, калі будзе палітычная воля, то я магу вас запэўніць, што гэта магчыма будзе абсалютна роўна і законна правесці. Вось амерыканскія ядзерныя ракеты стаяць на тэрыторыі Турцыі, якая таксама з’яўляецца бяз’ядзернай дзяржавай. Гэта не супярэчыць ні міжнароднаму праву, ні Канстытуцыі.

Што трэба, каб пытанне пра ўвядзенне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі насамрэч пачалі разглядаць? Гэта нашая краіна павінна папрасіць аб гэтым Расію, альбо Расія — прапанаваць Беларусі?

Наколькі я ведаю, беларускі бок гатовы разгледзець пытанне, калі расійскі бок звернецца з такой прапановай. Калі будзе афіцыйная прапанова, тады гэтае пытанне разгледзяць. Пакуль нічога такога няма. Мы цяпер з вамі проста гадаем і кажам – так, гэта магчыма. У тым ліку і як мера ў адказ на размяшчэнне сістэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы, актывізацыю на нашых заходніх межах і размяшчэння там як зброі, так і супрацьракетнай абароны.

На якім узроўні павінны прымацца такія рашэнні: міністэрстваў абароны краінаў альбо прэзідэнтаў?

Вядома, што гэта будзе адбывацца на ўзроўні прэзідэнтаў. Спачатку Мінабароны разгледзіць гэтае пытанне, падрыхтуе яго для прэзідэнтаў. Ну, як гэта звычайна бывае ў такіх выпадках, нічога тут такога экстраардынарнага няма.

Фота — www.stoletie.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі