Вы тут

Іван Эйсмант: "Галасы ЗМеста" рыхтуюць новую песню для "Еўрабачання"

"Галасы ЗМеста" / sb.by

Гурт "Галасы ЗМеста" падрыхтуе новую песню для конкурсу "Еўрабачанне". Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

Песню "Я научу тебя", з якой гурт планаваў паехаць на конкурс, Еўрапейскі вяшчальны саюз забракаваў за палітычнасць. Арганізатары конкурсу прапанавалі памяняць тэкст гэтай песні або замест яе падрыхтаваць іншую. Сёння ў ЕВС Еўрарадыё сказалі, што перамовы з беларускім бокам яшчэ вядуцца.

"Улічваючы наша супрацоўніцтва з ЕВС, мы аналагічным чынам прапанавалі групе "Галасы ЗМеста" даць нам нейкі іншы варыянт. Новую песню. І цяпер, наколькі я ведаю, актыўна ідзе праца", — заявіў Эйсмант.

Ён дадаў, што ў папярэдняй песні гурта няма "ніякага палітычнага кантэксту. Пра гэта казаў шмат і аўтар слоў"

Кіраўнік гурта "Галасы ЗМеста" Дзмітрый Бутакоў заявіў, што не хоча нічога мяняць у песні "Я научу тебя": "Напэўна, нешта там угледзелі. Хоць для мяне гэта таямніца за сям'ю пячаткамі. Ніякі палітычны сэнс туды не закладваўся. Прычым нават мэтанакіравана. На гэтым справа не спынілася. Нас яшчэ не выключылі. У гэтай песні мы нічога мяняць не будзем, дый які сэнс".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.