Італьянская сям'я жорстка абыходзілася з беларускай дзяўчынкай

У Італіі разгараецца скандал, звязаны з 11-гадовай беларускай дзяўчынкай, якая прыехала на адпачынак. Паліцыянты мяркуюць, што дзяўчынка, імя якой не называецца, цярпела ў італьянскай сям’і жорсткія здзекі. “Сітуацыя знаходзілася пад кантролем з першых жа хвілін”, - кажа амбасадар Беларусі Аляксей Скрыпко. Як стала вядома “Еўрарадыё”, маленькая беларуска прыехала на адпачынак у Італію разам са сваімі аднагодкамі ў пачатку жніўня. Паводле адных звестак, яе даверылі італьянскай пары, якая жыла ў Савоне, паводле іншых – у Мілане.

Яны разам адпачывалі на моры ў гарадку Піетра-Лігурэ. Менавіта там і распачаўся скандал, пра які сёння першымі напісалі італьянскія СМІ.

Дзяўчынка разам з італьянскай сям’ёй жыла ў адным з гатэляў на лігурыйскім узбярэжжы. Суседзі раптам пачалі заўважаць дзіўныя адносіны да яе з боку галавы сям’і.

“Эхо Москвы”
адзначае, што мужчына дазваляў у адносінах да дзяўчынкі “недвухсэнсоўныя знакі ўвагі”. Пільныя італьянцы тут жа паведамілі пра гэта ў паліцыю, якая зрэагавала імгненна.

40-гадоваму мужчыне ўжо прад’яўлена абвінавачанне ў сэксуальных дамаганнях у адносінах да дзіцяці, паліцыя праводзіць расследаванне, паведамляе РИА “Новости”.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко, “трывожная інфармацыя” пра дзяўчынку паступіла ў беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва яшчэ на мінулым тыдні.

Паводле яго словаў, з адпаведнай заявай у паліцыю звярнуўся адзін з італьянскіх грамадзян. “Сітуацыя знаходзілася пад кантролем з першых жа хвілін, - кажа амбасадар. – Былі зробленыя ўсе неабходныя захады, каб забяспечыць абарону правоў і інтарэсаў дзіцяці”.

Скрыпко кажа, што беларуская амбасада “пракантралявала адабранне дзіцяці з сям’і”.

Пра тое, дзе зараз знаходзіцца дзяўчынка і ў якім яна стане, інфармацыя супярэчлівая. Беларускі амбасадар кажа, што зараз яна знаходзіцца разам з групай іншых беларускіх дзяцей і іх нехта суправаджае.

“З дзяўчынкай адбылася гутарка. Нічога страшнага, як яна кажа, не адбылося”, зазначыў Скрыпко.

РИА “Новости” са спасылкай на адваката беларускай амбасады ў Рыме Дыега Перуджыні паведамляе, што беларуска зараз знаходзіцца ў дзіцячым цэнтры ў Мілане і адчувае сябе добра. Аднак з ёй займаюцца псіхолагі.

Пытанне аб адпраўцы дзяўчынкі на радзіму пакуль не разглядаецца, сцвярджае адвакат. А вось амбасадар Аляксей Скрыпко ўпэўнена кажа, што дзяўчынка вернецца ў Беларусь разам з усёй групай 29 жніўня.

Фота - Photo.ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі