Ірына Дрыга застаецца працаваць у Міністэрстве культуры
Скандальна вядомая чыноўніца Ірына Дрыга па-ранейшаму ўзначальвае галоўнае ўпраўленне культуры і аналітычнай работы ў Мінкульце. Пра гэта стала вядома з ліста за яе подпісам, які атрымаў Беларускі саюз дызайнераў.
Ірына Дрыга займала пасаду першага намесніка міністра культуры. У сярэдзіне лістапада яе месца заняла Наталля Карчэўская. У пастанове Саўміна звальненне чыноўніцы было абгрунтаванае "пераходам да іншага наймальніка".
Дрыга стала вядомая ў сувязі з разнастайнымі скандаламі ў сферы культуры. Яе подпіс стаў пад дакументам аб скарачэнні ахоўных межаў Курапатаў — месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Таксама імя Дрыгі згадвалася ў сувязі са скандалам на кінафэсце "Лістапад-2018", калі чыноўнікі выключылі кінематаграфістаў з адборачнага журы нацыянальнага конкурсу.