Іран перагледзіць закон аб нашэнні хіджаба пасля больш двух месяцаў пратэстаў

Падпалены паліцэйскі матацыкл падчас пратэстаў у Тэгеране / Reuters

У Іране перагледзяць закон аб абавязковым нашэнні хіджаба для жанчын, распавёў генпракурор краіны Махамад Джафар Мантазэры.

І парламент, і судовыя органы працуюць [над гэтым пытаннем], — заявіў Мантазэры, але не ўдакладніў, што канкрэтна можа быць зменена.

З 16 верасня ў Іране пратэсты супраць абавязковага нашэння хіджабу для жанчын. Хваляванні пачаліся пасля смерці 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні. Яна была арыштаваная паліцыяй нораваў нібыта за парушэнне закона аб нашэнні хіджаба. Паводле афіцыйнай версіі ў Махсы здарыўся сардэчны прыступ, але відавочцы адзначалі, што пры затрыманні яна была моцна збітая.

Тады многія іранкі выйшлі на пратэсты і перасталі насіць хіджаб. Пратэсты жорстка душацца. Па дадзеных Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Турка, былі арыштаваныя 14 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей. Улады Ірана прызналі, што падчас пратэстаў загінулі каля 200 чалавек.

Хіджаб стаў абавязковым для жанчын Ірана ў красавіку 1983 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.