ІПшнікі спяць спакойна, а ЧУПы чакаюць зніжэння падаткаў

Прадпрымальнікі, якія перарэгістраваліся ў ЧУПы, сцвярджаюць, што цяпер вымушаныя амаль увесь прыбытак аддаваць за дадатковыя падаткі. “Мы як былі дробнымі, так і засталіся. З чаго нам быць буйнымі? Думаеце, памянялі шыльду на ЧУП, і да нас народ пабег?", - кажуць яны. Еўрарадыё высвятліла, як сёння пачуваюцца цяперашнія і былыя ІП. Ужо другі месяц мы сочым за развіццём бізнесу прадпрымальніка Сяргея, які перарэгістраваўся ў ЧУП і гандлюе бытавой тэхнікай. Засцярогі Сяргея, наконт таго, што ён “пойдзе ў мінус”, на шчасце, не спраўдзіліся. Але на той прыбытак, што атрымаўся і працаваць не хочацца, - скардзіцца прадпрымальнік:

Сяргей: “Ёсць плюс — невялікі, на які проста працаваць не хочацца”.

Валавая выручка засталася той жа, а падаткі ўзраслі ўдвая:

Сяргей: “Калі раней я плаціў 2 тысячы долараў, то цяпер плачу чатыры. І гэтыя дадатковыя 2 тысячы бяру з таго прыбытку, які і быў раней. Мне застаецца трошкі і ўсё...”

Прадпрымальніца Ніна прадае на рынку цукеркі і печыва. Цяпер ужо ў якасці ЧУП. Свае прыбыткі Ніна называе сціплымі:

Ніна: “Што зарабілі, тое ўсё аддадзім, да і ўсё... Невялічкі плюс... падлічылі... Шмат тут не атрымаеш. Сціпла...”

Як і Сяргей, Ніна скардзіцца на тое, што пры нязменным таваразвароце, падаткі істотна ўзраслі:

Ніна: “Мы як былі дробнымі так і засталіся. З чаго нам быць буйнымі? Думаеце, памянялі шыльду на ЧУП, і да нас народ пабег?

Рэальна мы пад нуль выбіраем увесь прыбытак, і нам нічога не застаецца”.

Па словах прадпрымальніцы, з 4-х мільёнаў выручкі, яна плаціць 800 тысяч падаткаў. Гэта на 600 тысяч больш, чым раней:

Ніна: “Аддаць з 4-х мільёнаў 800 тысяч – гэта мнагавата. Трэба зніжаць падаткі”.

Пра тое, што трэба зніжаць падаткі кажа і ЧУП Сяргей. На гэта ён і спадзяецца:

Сяргей: “Пакуль папрацую так... Здаецца, там саюз прадпрымальнікаў выступіў з прапановай знізіць падаткі да 7 адсоткаў. Паглядзім, як адрэагуе на гэта ўрад”.

“Такую прапанову мы ўнеслі, цяпер працоўная група яе разглядае. Што тычыцца першай рэакцыі спецыялістаў, – яна станоўчая”, — паведаміў Еўрарадыё выконваючы абавязкі старшыні беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. Адзінае, пытанне ў тым, як хутка гэта будзе зроблена, дадаў ён.

А пакуль ЧУПы чакаюць зніжэння падаткаў, ІПшнікі працягваюць працаваць і ні пра што не шкадуюць. Прадпрымальніца Кацярына Чыжык не пераходзіла ў ЧУП. У яе, як гэта называецца, сямейны бізнес. Кацярына з сёстрамі гандлюе пасцельнай бялізнай:

“Цяжкасці ёсць, але я не шкадую. Таму што сплю спакойна... Не думаю пра тое, правільна я аформіла дакументы ці не...”

Усяго ў Мінску з індывідуальных прадпрымальнікаў у ЧУП перайшлі 3946 чалавек. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ва ўпраўленні прадпрымальніцтва Мінгарвыканкаму. За тры месяцы 2008 года зарэгістравана 2909 ІП, а ўсяго па Мінску налічваецца 69519.

Мы працягваем сачыць за тым, як пачуваюцца бізнэсоўцы, якія перарэгістраваліся ў ЧУП.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі