Іпэшнікі: Калі нам падымуць падаткі, мы падымем кошты

Тэкст доўгачаканага дакумента з’яўляецца ў інтэрнэце ў пятніцу 13 сакавіка. Дакумент павінен працаваць ужо каля двух тыдняў, але дагэтуль не падпісаны. Па інфармацыі Еўрарадыё, ён гатовы, аднак чамусьці завіс на стале ў кіраўніка дзяржавы.

Праверак няма, прадпрымальнікі вярнуліся на рынкі (фота)

Новы дакумент адмяняе абавязковыя сертыфікаты якасці на тавар, чаго так хацелі прадпрымальнікі. Аднак адначасова павялічвае агульную суму падатку прыкладна ў паўтара разы. На мінскім рынку ў Ждановічах пытаюся ў іпэшнікаў, што яны пра гэта думаюць:

Іван, гандлюе спартыўнай вопраткай, на рынку з верасня 2014:

"Пакупнікоў стала значна менш. Не ведаю, з чым гэта звязана. З крызісам агульным, напэўна. У Расіі і ў нас. У людзей няма грошай. А калі няма ў людзей, то не будзе і ў нас. Чалавек купляе самае неабходнае, патраціць грошы на ежу, за жыллё заплаціць. Калі нам падымуць падаткі ў паўтара разы, то мы падымем кошты, напэўна. Тавар у выніку для нас будзе даражэй каштаваць, даражэй будзе і для пакупнікоў у выніку. Лепш ад гэтага нікому не стане".

“Дзе беларускія джынсы, дзе пакупнікі?”: іпэшнікі сустрэнуцца з Лукашэнкам

Алена, пенсіянерка, гандлюе жаночай вопраткай, на рынку “гадоў дзесяць”:

"Гэта добра, што не будзе ўсё ж сертыфікатаў. Добрую навіну вы мне прынеслі, дзякуй! Хоць нешта добрае. Пра павелічэнне падаткаў трэба думаць. Ведаеце, цяпер на рынку мала вельмі пакупнікоў. І большасць з нас працуе ў мінус — каб утрымаць месца, пераседзець да канца крызісу. Калі падымуць падаткі, то мы, натуральна, падымем кошты. Хто не падыме — той закрыецца. Таму кошты ў любым выпадку вырастуць для людзей. Гэтыя падаткі лягуць на іх плечы".

Аляксей, працуе прадаўцом у прадпрымальніка, гандлюе мужчынскімі гарнітурамі і пінжакамі:

"Будзе рост коштаў і нагрузка ляжа на пакупнікоў. І ў выніку ні да чаго добрага не прывядзе. Мы цяпер фактычна працуем у мінус. У нас чатыры кропкі тут, агулам за мінулы месяц у нас было мінус 50 мільёнаў па грошах. Летам мы прадавалі за дзень у сярэднім 7-8 гарнітураў. Цяпер за дзень прадаём 1-2. Калі 3 — гэта вельмі добра. Падымуць падатак — кошты вырастуць, будзем прадаваць яшчэ менш. У людзей заробкі не растуць. І тут не ведаю, што будзе. Нехта дакладна закрыецца".

На колькі вырастуць кошты на рынках?

"У паўтара разы кошты не вырастуць. Яны залежаць не толькі ад падаткаў, якія мы плацім. Думаю, у выніку будзе рост на 20-30%, — расказвае Аляксей. — У кожнага прадпрымальніка індывідуальна. Кожны пралічыць, на колькі зможа падняць каб і людзі куплялі, і сам мог мець прыбытак. У кожнага па-рознаму атрымаецца. Вось вісіць пінжак. Ён каштуе 2 мільёны 900 тысяч. Для нас яго кошт пасля дастаўкі, падаткаў, арэнднай платы — каля 2 мільёнаў 600 тысяч. У ранейшыя часы мы прадавалі такія рэчы і за 4 мільёны. Цяпер 2 мільёны 900 тысяч — гэта максімальны кошт, каб яго прадаць. 20% ад гэтай сумы — каля 500 тысяч. Вось лічыце — калі падаткі нам падымуць у 1,5 раза, то кошт гэтага пінжака вырасце з 2 мільёнаў 900 тысяч да 3 мільёнаў 400. Але я не ўпэўнены, што яго нехта купіць па такім кошце".

На 17 сакавіка прызначаная сустрэча прадпрымальнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам. На ёй будуць абмеркаваныя падрыхтаваныя папраўкі ва Указ 222. Пасля чаго павінна адбыцца падпісанне новага дакумента кіраўніком краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі