Тэкст новага Указа аб дзейнасці прадпрымальнікаў “завіс” у Лукашэнкі

Кіраўнік Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін расказвае Еўрарадыё, што тэкст новага Указа ўжо гатовы і цяпер ляжыць на стале ў Аляксандра Лукашэнкі. “Ён ужо тыдзень там, чакаем падпісання”, — расказвае Карагін. І дадае, што удзельнікі яго аб’яднання мелі магчымасць паўдзельнічаць у распрацоўцы новага дакумента.

Амаль тое самае чую ў Беларускім саюзе прадпрымальнікаў: “Нашы спецыялісты бралі ўдзел у падрыхтоўцы тэксту дакумента. Цяпер ён знаходзіцца на ўзгадненні ў вышэйшых інстанцыях”.

У абодвух аб’яднаннях прадпрымальнікаў, якія лічацца лаяльнымі да ўладаў, падрабязнасці тэксту не раскрываюць.

Не робяць гэтага і ў Міністэрстве эканомікі: “Тэкст дакумента ў нас, вядома, ёсць. Цяпер ён на узгадненні ў кіраўніка краіны. Мы не можам сказаць, калі дакладна ён будзе падпісаны, такой практыкі не існуе”. Дадаюць у ведамстве толькі, што ў асноўным над новым Указам працавалі эксперты Міністэрства па падатках і зборах, і перамены, якія ён прынясе, тычацца менавіта гэтай сферы.

Лідара аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоля Шумчанку на абмеркаванне тэксту новага Указа не клікалі. Затрымку ў яго падпісанні (фактычна, іпэшнікі па ўсёй Беларусі ўжо 10 дзён парушаюць заканадаўства) Шумчанка можа патлумачыць трыма рознымі варыянтамі:

Варыянт 1: Былі святы. Шмат ведамстваў не працавала і яны не змаглі узгадніць усе пытанні паміж сабой. У перадвыбарны год гэта асабліва важна, бо падобныя указы павінны шырока асвятляцца ў дзяржаўных СМІ. Верагодна, акурат цяпер рыхтуецца шырокая інфармацыйная кампанія аб тым, як кіраўнік краіны клапоціцца аб прадпрымальніках. Таксама вядома, што быў пераабраны Савет развіцця прадпрымальніцтва на чале з віцэ-прэм’ера Мацюшэўскім. Верагодна, там таксама хочуць мець дачыненне да прыняцця новага Указа.

Варыянт 2: Не здаецца лобі некаторых чыноўнікаў, якія па-ранейшаму не хочуць ісці на саступкі прадпрымальнікам. Яны мяркуюць, што гэтага нельга рабіць, што неабходна прасоўваць сваю ранейшую пазіцыю пра абавязковую сертыфікацыю тавараў. Верагодна, бліжэйшае акружэнне Лукашэнкі вагаецца дагэтуль, там няма канчатковага рашэння.

Варыянт 3: Самы сумны для прадпрымальнікаў. У дзяржавы пакуль не атрымоўваецца прыцягнуць замежныя крэдыты і улады цяпер прадумваюць, як бы пабольш “садраць” з людзей. Верагодна, прынятае рашэнне прадумаць варыянт, які б дазволіў значна ўзмацніць дзяржаўны бюджэт.

Гісторыя канфлікту

Згодна з ранейшым Указам кіраўніка краіны №222 усе іпэшнікі, якія гандлююць вопраткай і абуткам, павінны з 1 сакавіка мець сертыфікаты якасці на кожную адзінку тавару. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены гэтага, кажуць, што у такім выпадку кошт іх тавару вырасце ледзьве не ў разы — сертыфікаты каштуюць дорага. У выніку літаральна за два дні да набыцця моцы Указам №222 намеснік міністра эканомікі заявіў, што штрафаваць прадпрымальнікаў за адсутнасць сертыфікатаў пакуль не будуць (памер штрафу складае ажно 9 мільёнаў) да моманту прыняцця новага Указа. Паведамлялася, што новы дакумент будзе гатовы цягам некалькіх дзён, аднак гэтага не адбылося дагэтуль. Фактычна прадпрымальнікі працуюць цяпер незаконна, маючы толькі вусныя гарантыі ад Мінэканомікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі