ІП-фантомы, перакупшчыкі і 31 забароненае прадпрыемства

ІП-фантомы, перакупшчыкі і 31 забароненае прадпрыемства

"Іронія ў тым, што мы не прадаём яблыкі ў Расію. Так, мы імпартуем з Польшчы гародніну і садавіну. Так, адных яблыкаў мы завезлі каля 1400 тон. Але ўсё гэта рэалізуецца ў Беларусі, тут мы прадаём іх ІП, іншым юрыдычным асобам, гандлёвым сеткам. Але мы самі не возім у Расію. Нашы налепкі на скрынках? Ну, нехта, напэўна, купіў у нас і перапрадаў у Расію, толькі так магу гэта растлумачыць", — кажа прадстаўнік кампаніі "Фрукомп", якая фігуруе ў справаздачах Рассельгаснагляду, як беларускі імпарцёр польскіх яблык у Расію (пра што сведчаць нават налепкі на скрынках).

 

ІП-фантомы, перакупшчыкі і 31 забароненае прадпрыемства
Фота са справаздачы Рассельгаснагляду.

З 1 па 9 лютага 2018 года Рассельгаснагляд праверыў 84 прадпрыемствы-вытворцы свежых яблыкаў і агуркоў у Беларусі, якія ажыццяўляюць пастаўкі на тэрыторыю Расіі. Атрымліваецца, што амаль кожны дзень эксперты Рассельгаснагляду павінны былі правяраць каля 10 прадпрыемстваў. Улічваючы, што яны па ўсёй краіне, цяжка ўявіць, з якой хуткасцю праходзілі праверкі. Па выніках праверак Рассельгаснагляд забараніў ўвоз яблык у Расію з 31 беларускага прадпрыемства-вытворцы.

У Рассельгаснаглядзе патлумачылі Еўрарадыё, што забарона распаўсюджваецца толькі на ўраджай 2017 года: "Забарона на ўвоз яблык ад вытворцаў, якія трапілі у спіс, распаўсюджваецца як на самі прадпрыемствы, так і для іншых экспарцёраў. Аднак гэтая забарона тычацца толькі ўраджаю 2017 года".

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі сітуацыю пракаментавалі так: "Спецыялісты ўжо працуюць над вырашэннем гэтай праблемы".

Прадпрыемствы, што трапілі ў спіс, здзіўляюцца. У спіс патрапілі толькі тыя, дзе на складах не было яблыкаў. Верагодна, гэта прэвентыўная мера, каб гэтыя прадпрыемствы не закуплялі яблыкі ў Польшчы, пакуль не паспее ўраджай 2018 года.

Прадстаўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі "Ясная зара" распавядае, што пра забарону Рассельгаснагляду ўпершыню чуюць, ды і ў Расію яблыкі не прадаюць: "У нас на складзе яблыкаў няма. У нас не вельмі вялікія ўраджаі, каб іх яшчэ і ў Расію везці. У асноўным, прадаём яблыкі "ДорОрс" і на мясцовыя кірмашы".

Дырэктар фермерскай гаспадаркі "Грынвэй Фрут" Уладзімір Мяшчэрскі таксама здзіўлены траплянню ў "забаронены спіс" Рассельгаснагляду:

"Так, мы прадаём яблыкі ў Расію, але ўраджай 2017 года ў нас ужо скончыўся. Да нас прыязджалі правяраючыя, паглядзелі сады, паглядзелі, што яблыкаў няма на экспарт, і з'ехалі. А потым мы аказваемся ў забароненым спісе. У мінулым годзе мы прадалі ў Расію 120 тон, не было ніводнага парушэння, ніякіх прэтэнзій да нас не было. Але на ўнутраны рынак мы прадалі каля 600 тон, попыт быў шалёны".

Акрамя фермерскіх і іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у справаздачы Расслельгаснагляду трапілі беларускія іпэшнікі-імпарцёры польскіх яблык. Гэтыя ІП зарэгістраваныя толькі тры месяцы таму. Вы не знойдзеце іх кантактаў ні ў якіх каталогах або спісах. Яны нідзе не фігуруюць, акрамя як у справаздачах рэйдаў Рассельгаснагляду па расійскіх крамах і адзіным дзяржаўным рэестры. Тэлефоны ў названых пры рэгістрацыі адрасах маўчаць, а ў некаторых наогул адсутнічаюць. Прынамсі даведачныя службы пра іх не ведаюць.

 

ІП-фантомы, перакупшчыкі і 31 забароненае прадпрыемства

У 2017 годзе Беларусь імпартавала 421 тысячу тон польскіх яблык, а экспартавала ў Расію 52 тысячы тон. Астатняе, відаць, з’елі самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі