Іосуб: "Адной рукой Нацбанк бярэ, другой дае. Гэта і ёсць дэвальвацыя"

Памер камісійнага збору пры пакупцы насельніцтвам замежнай валюты з 30 снежня знізяць з 30% да 20%. Такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банку Беларусі. Адзначаецца, што гэта зроблена "з улікам нармалізацыі сітуацыі на фінансавым і валютным рынках рэспублікі".

Эканаміст, фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб пазітыўна ацэньвае палітыку Нацбанка і называе апошняе рашэнне станоўчым крокам:


 
“Як толькі з’явілася камісія для юрыдычных асобаў і камісія для фізічных асобаў, у нас з’явілася множнасць курсаў, ад якіх патрэбна было як мага хутчэй адыходзіць. Прычым, нават не чакаючы тэрміну 1 лютага. Тое, што адбылося сёння — зніжэнне камісіі і змяненне курса долара на 7% — гэта першы крок да гэтага. Адной рукой Нацбанк забяспечвае рост афіцыйнага курса, і другой рукой — зніжае камісію".

Паводле меркавання эканаміста, гэтыя крокі наўрад ці прыдумала новае кіраўніцтва Нацбанка. Відавочна, што яны былі прадуманыя раней. Іосуб кажа, што калі такая палітыка будзе захоўвацца і далей, гэта дазволіць выйсці на адзіны курс.

Па меркаванні Вадзіма Іосуба, тэарэтычна рост афіцыйнага курса долара да рубля дазволіць беларускім таварам стаць больш канкурэнтназдольнымі на знешнім рынку:

“Калі не будуць індэксавацца заробкі на гэтую ж велічыню, а таксама кошты на ўнутраным рынку, гэта можа прывесці да канкурэнтназдольнасці нашых тавараў на знешнім рынку. А вось на ўнутраным рынку, дзе кошты зараз жорстка рэгулююцца — гэта можа прывесці да дэфіцыту некаторых тавараў”.

Нагадаем, урад і Нацбанк увялі 30% збор на набыццё валюты з 20 снежня. Днямі ў Нацбанку змянілася кіраўніцтва. Надзею Ермакову змяніў Павел Калавур.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі