Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску

Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску

Падчас дарожнага рамонту побач з Камароўкай знікла зручная паркоўка для людзей з інваліднасцю. Раней яны маглі запаркавацца на вуліцы Куйбышава ўздоўж левага боку рынка — там вісеў адпаведны знак:

 

Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску
Скрыншот з сервіса "Яндэкс.Карты".

На час рамонту знак паркоўкі для інвалідаў закрылі чорным поліэтыленам. "Калі скончым працы — тады і будзем казаць пра размяшчэнне там паркоўкі для інвалідаў", — яшчэ ў верасні адказваў на пытанне Еўрарадыё начальнік ДАІ Савецкага раёна Мінска Віталь Бандаронак.

Што ж, рамонт на вуліцы Куйбышава скончыўся яшчэ 26 верасня. Тады ж паркоўка мусіла вярнуцца на сваё месца. Але гэтага не адбылося, знак дагэтуль завешаны чорным:

Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску
Фота: Еўрарадыё

Каб высветліць пытанне, Еўрарадыё звярнулася ў адміністрацыю Камароўскага рынка.

"Па вуліцы Куйбышава ўсе пытанні да Мінгарвыканкама, ― распавядае нам Віталь Міхайлавіч, начальнік службы аховы рынка. ― Але ў нас на тэрыторыі рынка парковачныя месцы для інвалідаў ёсць".

Еўрарадыё расшукала паркоўку, пра якую кажа Віталь Міхайлавіч. Яна знаходзіцца ўздоўж вуліцы Кульман на паўночным баку Камароўкі. Па-першае, ад яе да рынка ісці на 300 метраў далей. А па-другое, кожны, хто быў на вуліцы Кульман, ведае, што прыпаркавацца там нерэальна. Удзень там сноўдаюць наведнікі рынка і гандляры, уночы ― аматары шаўрмы і іншага фаст-фуда, якім там гандлююць круглыя суткі.

Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску
Скрыншот з сервіса "Яндэкс.Карты".

Да таго ж, не лепшым чынам размешчаная і сама паркоўка для інвалідаў за Камароўкай. Не таму яна стаіць пустая, што няма каму там паставіць аўто, а таму, што заезд на яе закрываюць іншыя машыны! А развярнуцца, каб выехаць з паркоўкі, на такой плошчы вельмі складана:

Фармальна паркоўка для людзей з інваліднасцю на Камароўскім рынку ёсць, але яна настолькі нязручная, што ёю ніхто не карыстаецца. А зручную паркоўку прыбралі. Звонку ўсе ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі створаныя. Але на практыцы безбар'ернае асяроддзе апынулася зусім не безбар'ерным.

Пасля публікацыі гэтага артыкула з Еўрарадыё звязаўся начальнік аддзела сацыяльнага развіцця Камароўскага рынка Іван Ткачук. Ён распавёў, што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на рынку ёсць яшчэ адна паркоўка, якая размяшчаецца ў непасрэднай блізкасці ад гандлёвых шэрагаў. Заезды на яе ёсць і з вуліцы Куйбышава, і з вуліцы Кульман.

Каб трапіць на гэтую паркоўцу, кіроўца з інваліднасцю мусіць пад'ехаць да шлагбаўма, праз які на тэрыторыю рынка трапляюць аўтамабілі з таварам. Пабачыўшы на шкле машыны жоўты квадрацік з інвалідным вазком, супрацоўнік рынка, які там дзяжурыць, прапусціць яе і распавядзе, дзе менавіта запаркавацца ў зручным месцы.
Інвалідам так і не вярнулі зручную паркоўку каля Камароўскага рынка ў Мінску

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі