Інваліда, які не ходзіць 15 гадоў, аштрафавалі за безбілетны праезд у аўтобусе

Інваліда, які не ходзіць 15 гадоў, аштрафавалі за безбілетны праезд у аўтобусе

Анатоль Малікаў — інвалід першай групы, жыве ў Гродне і ўжо 15 гадоў не можа самастойна перасоўвацца. У снежні нечакана высветлілася, што з яго невялікай пенсіі (усяго 456 рублёў) вылічылі штраф за безбілетны праезд — 11,5 рублёў. Атрымліваецца нейкі абсурд, бо інваліды першай групы маюць права на бясплатны праезд.

Ірына Малікава, жонка Анатоля, распавяла Еўрарадыё, што даведалася пра штраф толькі калі яго вылічылі з пенсіі яе мужа, пры гэтым ніякіх паведамленняў ім не прыходзіла:

"Калі я палічыла пенсію, выявілася, што сума не супадае. Патэлефанавала ў пенсійны фонд, там адказалі, што ў нас штраф. Я здзівілася, як гэта так: чалавек не ходзіць, адкуль штраф? Юрыст і бухгалтар растлумачылі, што штраф быў за безбілетны праезд. Наш участковы кажа, што такія выпадкі апошнім часам нярэдкія".

У міліцыі заяву Ірыны разгледзелі і, паколькі штраф выпісвалі кантралёры, перанакіравалі ў Гродзенскі аўтобусны парк:

"Да нас паступіла заява, мы яе разгледзелі, але паколькі штраф выпісвалі не мы, а кантралёры Гродзенскага аўтобуснага парка, мы заяву перанакіравалі ім".

У аўтобусным парку не адмаўляюць, што безбілетнік быў затрыманы, усё пазначана ў пратаколах. Аднак растлумачыць, як штраф быў аформлены на іншага чалавека, транспартнікі не могуць:

"Быў складзены адміністрацыйны пратакол. Пашпарта ў пасажыра не аказалася. У такой сітуацыі па законе мы павінныя даставіць пасажыра ў найбліжэйшае аддзяленне МУС для высвятлення асобы. У міліцыі была высветленая яго асоба, пацверджаная дзяжурным міліцыянерам, і быў складзены адміністрацыйны пратакол".

Пры гэтым, па словах Ірыны, адрас у пратаколе не супадаў ні з адрасам рэгістрацыі Анатоля, ні з адрасам фактычнага пражывання. Але гэта чамусьці нікога не збянтэжыла. 

Грошы можна вернуць праз суд, але гэта зойме пэўны час. Аднак Ірына не збіраецца вяртаць грошы, бо, па яе словах, "няма здароўя і часу хадзіць па судах". 

Тым часам Віталь Кавалёў, інвалід-вазочнік з Мазыра, у якога восенню з пенсіі вылічылі 50 рублёў за пераход у неналежным месцы, змог праз суд вярнуць сабе грошы. Выявілася, што яго "падставіў" знаёмы, які праз халатнасць супрацоўнікаў міліцыі карыстаўся магчымасцю не плаціць штраф.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі