Інстытут мовазнаўства рыхтуе новыя слоўнікі беларускай мовы

Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рыхтуе каментары да новых правілаў беларускай мовы. Па словах дырэктара Інстытута мовазнаўства Аляксандра Лукашанца, на працягу двух год будуць падрыхтаваныя ўмовы для таго, каб гэтыя правілы маглі бесперашкодна працаваць там, дзе ўжываецца беларуская пісьмовая мова.
Аляксандр Лукашанец: “За гэты час будуць падрыхтаваныя каментары да гэтых правілаў, дзе будзе растлумачанае кожнае правіла, тыя змены, якія ўносяцца ў параўнанні з дзеючымі правіламі. І будзе прыведзены максімальна поўны спіс словаў, якія падлягаюць таму ці іншаму напісанню.

Акрамя таго, будзе падрыхтаванае новае выданне арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы. Ну, і магчыма іншыя лексікаграфічныя даведнікі, якія забяспечаць бесперашкоднае выкарыстанне новага зводу правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.


Таксама спадар Лукашанец нагадаў, што ўнесеныя карэктывы ў закон аб мове датычацца змяншэння колькасці выключэнняў. Таксама некаторыя словы прыведзеныя ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай.

Нагадаем, закон набывае моц 1 верасня 2010 года. Яшчэ два гады школьнікі будуць навучацца па старых правілах, рэдакцыі 1959 года.

Віталіна Грахоўская, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі