"Індыяна Джонс" не здолеў пабіць рэкорд Джэка Вераб'я

Фільм Стывена Спілберга "Індыяна Джонс і каралеўства крыштальнага чэрапа" з 23 па 25 траўня сабраў 101 мільён долараў і стаў абсалютным лідэрам паўночнаамерыканскага пракату. Як паведамляе Асашыэйтыд прэс, агулам з моманту прэм'еры, якая адбылася ў Паўночнай Амерыцы 22 траўня, новая серыя прыгодаў Індыяны Джонса зарабіла больш за 126 мільёнаў долараў.

Чакаецца, што ў гэты панядзелак, які ў ЗША з'яўляецца выхадным днём, фільм Спілберга заробіць яшчэ 25 мільёнаў.

Нагадаю, што падобныя вынікі ў канцы траўня 2007 прадэманстравала трэцяя частка "Піратаў Карыбскага мора", якая зарабіла за пяць дзён 153 мільёны долараў.

Гэты фільм пакуль лічыцца самай паспяховай прэм'ерай уікэнда, які прыпадае на "Дзень памінання". У ЗША гэты дзень адзначаецца ў апошні панядзелак траўня.

Другі радок у спісе касавых лідэраў уікэнда 23-25 траўня займае другая частка "Хронік Нарніі", якая з пятніцы па нядзелю зарабіла 25 мільёнаў долараў. Зборы гэтага фільма за два тыдні ў кінапракаце Паўночнай Амерыкі склалі 91,1 мільён долараў.

Замыкае тройку лідэраў "Жалезны чалавек", які атрымаў за гэты ж уікэнд у ЗША і Канадзе 20,1 мільёнаў долараў. Агульныя зборы гэтага фільма за чатыры тыдні ў паўночнаамерыканскім пракаце - 252,3 мільёны.

Стваральнікі фільма ўжо абвясцілі, што працяг прыгодаў Жалезнага чалавека выйдзе на экраны ў 2010 году.

Фота: greatarchitect.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі