Індэкс свабоды прэсы — 2016: Расце ціск на беларускія медыя

Індэкс свабоды прэсы — 2016: Расце ціск на беларускія медыя

У чарговым штогадовым рэйтынгу “Рэпарцёраў без межаў” Беларусь зноў трапіла ў групу краін са “складанай сітуацыяй” у галіне свабоды СМІ.

Краінамі з найлепшым індэксам свабоды сталі Фінляндыя, Нідэрланды, Нарвегія, Данія, Новая Зеландыя, Коста-Рыка, Швейцарыя, Швецыя, Ірландыя і Ямайка.

Наша краіны заняла 157-ю пазіцыю са 180, як і год таму. Аднак індэкс свабоды прэсы ў Беларусі пагоршыўся: за год ён набраў 6,34 "адмоўнага" пункта і стаў 54,32.

“У спробе аслабіць уплыў Расіі на Беларусь рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе здабыць прыязнасць міжнароднай супольнасці і сцерці імідж “апошняй дыктатуры Еўропы”. Але акрамя вызвалення палітвязняў нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і пераследуюцца судовай уладай. Міністэрства інфармацыі пашырыла свой кантроль над сеткай распаўсюду друкаваных СМІ і інтэрнэтам, а таксама забараніла праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для таго, каб абыйсці онлайн-цэнзуру”, — пішуць “Рэпарцёры без межаў” у сваёй справаздачы.

Сярод нашых суседзяў Расія знаходзіцца на 148-м месцы, Украіна — на 107-м, Польшча — на 47-м, Літва — на 35-м, Латвія — на 24-м месцы.

Найгоршай прызнаная сітуацыя ў Кітаі (176-е месца), Сірыі (177-е), Туркменістане (178-е), Паўночнай Карэі (179-е) і Эрытрэі (180-е).

Індэкс грунтуецца на выніках анкетавання экспертаў з усяго свету на 20 мовах. Акрамя якаснага аналізу, праводзіцца аналіз колькасці актаў ужывання сілы супраць журналістаў за пэўны перыяд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі