Іх норавы: трывогі Байдэна, знікненне каал і адзін стол, які нельга не заўважыць

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Джо Байдэн нагнятае: ад парад амерыканцам з'ехаць з Украіны ён пераходзіць да заклікаў з'ехаць як мага хутчэй. Дальнабойшчыкі не супакойваюцца: пратэсты з фурамі супраць кавід-абмежаванняў перакінуліся з Канады ў Еўропу.

Але галоўнае — атрыманы адказ на асноўнае пытанне тыдня: навошта ў Крамлі захоўвалі такі доўгі стол?

 

Пытанні за сталом

У пачатку тыдня інтэрнэт абжартаваў гіганцкі стол, за якім сядзелі ў часе перамоваў прэзідэнты Расіі і Францыі Уладзімір Пуцін і Эмануэль Макрон. У сярэдзіне тыдня інтэрнэт здзіўляўся: з якой такой прычыны расійскі лідар ад Макрона адгарадзіўся сталом, а з кіраўніком Казахстана Касымам Такаевым нават абняўся!

І да канца тыдня ўсё стала на свае месцы. Аказваецца, Макрон адмовіўся здаць тэст на каранавірус перад сустрэчай з Пуціным, высветлілі ў Reuters.

Інтэрнэт вычвараўся некалькі дзён

Папярэджваючы вашыя пытанні: не, Макрон не кавід-дысідэнт. Ён здаў тэст перад вылетам і яшчэ адзін тэст па прылёце — маніпуляцыі праводзіў асабісты лекар французскага лідара. І вось ад трэцяга тэста Макрон адмовіўся. Таму што нельга дапусціць, каб расіяне атрымалі ДНК французскага прэзідэнта. Прынамсі, так кажуць крыніцы Reuters.

Але ўсе выдатна разумелі, што значыць адсутнасць поціску рукі і гэты доўгі стол, дадаюць крыніцы. Мы мяркуем, што людзі з каманды Макрона першымі ж і палезлі ў твітар шукаць вашы мемы.

 

Тэрмінова ўцякаць

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў амерыканцаў тэрмінова пакінуць Украіну. У інтэрв'ю NBC News ён сказаў, што амерыканскія грамадзяне павінны з'язджаць неадкладна. Яшчэ на пачатку тыдня рыторыка была спакайнейшая: Байдэн казаў, што для амерыканскіх грамадзян было б разумным пакінуць Украіну.

Их нравы: тревоги Байдена, исчезающие коалы и один мировой стол

"Справа можа вельмі хутка набыць шалёны абарот", — цытуе ВВС.

Джо Байдэн, прэзідэнт ЗША

Адпраўляць амерыканскія войскі ва Украіну для эвакуацыі амерыканцаў прэзідэнт не плануе. Тлумачыць так:

"Калі амерыканцы і Расія пачнуць страляць адно ў аднаго — гэта сусветная вайна".

А што плануе? Байдэн мае намер сёння стэлефанавацца з лідарамі Брытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Канады, ЕС і НАТА па Украіне, цытуюць Блумберг у РІА Новости.

Тым часам кіраўнік расійскай выведкі Нарышкін кажа, што ў Расіі не было і няма планаў уварвання ва Украіну, а ўсе абвінавачанні ў падрыхтоўцы агрэсіі — "добра зрэжысаваная правакацыя".
 

Канвой волі або калона эгаізму?

Што б ні адбывалася ў свеце, пратэсты супраць каранавіруса ніхто не адмяняў. Спярша пратэставалі дальнабойшчыкі Канады — яны выступілі супраць патрабаванняў, якія абавязвалі іх або прышчапіцца, або сядзець на каранціне пасля паездкі ў ЗША. Пазней да патрабавання адмяніць гэтыя мандаты на вакцынацыю дадаліся і іншыя незадаволенасці кавід-абмежаваннямі, ад якіх людзі стаміліся.

Ініцыятыву канадцаў падхапілі дальнабойшчыкі Францыі і Бельгіі. Пратэстоўцы называюць сябе "канвой волі". Яны планавалі рушыць у бок Парыжа і Бруселя з акцыяй пратэсту. Але ўлады з розных прычын забаранілі гэтыя пратэсты.

Найбольш адкрыта выказаўся адзін з французскіх міністраў. Ён адмаўляецца называць пратэстоўцаў "канвоем волі" і лічыць іх "калонай эгаізму".

У Канадзе пратэсты не сціхаюць, але паліцыя пазбягае канфрантацый. А прэм'ер Джасцін Трудо на мінулым тыдні заявіў, што трэба быць вельмі, вельмі асцярожнымі, абдумваючы варыянт прыцягнення вайскоўцаў для задушэння пратэстаў. Гэта не тое пытанне, у якім варта дзейнічаць лёгка. У перакладзе з канадскай: "Мы адзін народ".
 

Каалы ў небяспецы

Трывожныя навіны: у Аўстраліі знікаюць каалы. Краіна ўнесла гэту жывёлу, якая гадамі была аўстралійскім сімвалам, у спіс відаў, якія знікаюць на большай частцы тэрыторыі ўсходняга ўзбярэжжа.

Лясныя пажары, засухі і хваробы, урбанізацыя паўплывалі на папуляцыю каал. Урад пастараецца не дапусціць катастрофы — пра каал паклапоцяцца.

Парламенцкае расследаванне, праведзенае ў 2020 годзе, паказала, што каалы вымруць да 2050 года, калі не будуць прыняты тэрміновыя меры для аднаўлення іх колькасці, піша ТАСС. Але ўрад абяцае: меры будуць прынятыя.
 

Калі гаспадар з табой

Гэтым відэа мы завяршаем пятнічны агляд навін.

На Reddit набірае папулярнасць ролік з прагулкай коргі. Нічога асаблівага, проста чароўныя шчанюкі на выгуле ў заснежаным лесе. І яны кожны раз абарочваюцца, каб праверыць, ці не адстаў гаспадар.

Пятнічнае відэа

Ніякай сэнсавай нагрузкі — проста пятнічная доза замілавання, якую мы/вы заслужылі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі