Вы тут

Іх норавы: Шольц сказаў "так", адпачынак на МКС і паэтычны алімпійскі скандал

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Мільярдэры, у космас цяпер можна паляцець на ўвесь адпачынак. Раскосмас гатовы забяспечыць вам 12 дзён на МКС. А для ўсіх астатніх Airbnb за нейкіх 25 долараў прапаноўваў зняць асабняк з фільма "Адзін дома".

Кароткі агляд не самых важных сусветных навін у рэгулярнай падборцы Еўрарадыё.
 

Шольц сказаў "так"

Олаф Шольц прыняў прысягу. Цяпер ён не віцэ-канцлер ва ўрадзе Ангелы Меркель, а новы канцлер ФРГ. Ён узначаліць трохпартыйную кааліцыю, у якой значная большасць у нямецкім парламенце.

Левацэнтрысцкія сацыял-дэмакраты Шольца будуць кіраваць разам з зялёнымі і свабоднымі дэмакратамі, дружалюбнымі ў дачыненні да бізнесу.

Пасля галасавання ў парламенце прэзідэнт Бундэстага Бербель Бас спытаў Шольца, ці прымае ён гэта прызначэнне.

Даведацца, як адказаў Шольц, можна з яго твітара.

"Я сказаў так".

"Я сказаў так"

У адпачынак на МКС

Ну колькі можна — яшчэ адзін мільярдэр паляцеў у космас! Толькі гэты палёт адрозніваецца ад тых, за якімі вы сачылі сёлета. Па-першае, мільярдэр японскі, па-другое, касмічны карабель — расійскі. Але гэта, вядома, не галоўныя адрозненні.

ВВС кажа, што расіяне арганізавалі касмічны турызм прынцыпова інакш, чым амерыканскія бізнесмены, якія адпраўлялі ў космас сябе і іншых сёлета.

Паляцець у космас на "Саюз-МС 20" — даражэй, чым на караблі Ілана Маска, напрыклад. Затое ў космасе можна правесці ажно 12 сутак!

Касматурыст рыхтаваўся да палёту і нават трэніраваўся на цэнтрыфузе. Праўда, сказаў, што гэта падобна не да трэніроўкі, а да катавання. Былі і іншыя трэніроўкі: будучы падарожнік падоўгу гуляў у бадмінтон і спаў на нахіленым ложку.

Расія, дарэчы, была першай краінай, якая запусціла турыста ў космас. З 2001 да 2009 года МКС наведалі 8 турыстаў. Тады Раскосмас супрацоўнічаў у гэтай сферы з амерыканскай кампаніяй Space Adventures. А ў 2010 годзе касмічны турызм спыніўся.

Потым за справу ўзяліся мільярдэры Ілан Маск, Рычард Брэнсан і Джэф Безас. Маск увосень адпраўляў турыстаў у космас на тры дні, Безас — на 11 хвілін. Мільярдэрам, якія любяць доўгія туры, Раскосмас падыдзе больш.
 

Дыпламатычная паэзія

Японія думала, што ёй дасталася самая няўдалая Алімпіяда. Але гэта мы яшчэ не бачылі кітайскую.

Спачатку пра дыпламатычны байкот Гульняў заявілі ЗША: у Вашынгтоне па-ранейшаму занепакоеныя сітуацыяй з выкананнем у Кітаі правоў чалавека. Не, спартсмены прыедуць, не будзе толькі дыпламатаў.

Цяпер да дыпламатычнага байкоту далучыцца Аўстралія — з падобных прычын. Да таго ж двухбаковыя адносіны Кітая і Аўстраліі цяпер вымушаюць жадаць лепшага. Увогуле, Аўстралія растлумачыла сваё рашэнне проста: "Гэта правільны ўчынак".

Мы лічым сваім абавязкам зацытаваць для вас адказ Кітая:

"Горы не могуць перашкодзіць рацэ ўпасці ў мора. Поспех Аўстраліі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пекіне залежыць ад выступаў аўстралійскіх спартсменаў, а не ад прысутнасці аўстралійскіх афіцыйных асоб, а таксама палітычнага пазёрства некаторых з іх".

Ваш дыпламатычны скандал не такі паэтычны? Нават не ўгаворвайце яго асвятляць.
 

Ваша бронь пацверджаная

Нядаўна асабняк герояў фільма "Адзін дома" выставілі на Airbnb. Гэты домік у прыгарадзе Чыкага здалі менш чым за гадзіну!

Дзве хвіліны настальгіі

Два пакоі ў гэтым асабняку можна было зняць усяго за 25 долараў. Праўда, даступнай была толькі адна дата — 12 снежня.

"Прабачце, пражыванне ў духу "Адзін дома" забраняванае і больш не даступнае", — гаворыцца ў аб'яве.

Але гэта ніяк не перашкодзіць перагледзець "Адзін дома". Так, можна пачынаць!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.