Вы тут

Іх норавы: прэзідэнт з Ціктока, вайна віскі і барацьба Асанжа

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расіянам прапануюць прабавіць летні адпачынак па-пуцінску, калумбійцы могуць выбраць прэзідэнтам мясцовага Трампа, а Асанжа вось-вось выдадуць у ЗША.

Як заўсёды ў штотыднёвым аглядзе, вельмі коратка расказваем пра важныя сусветныя навіны. І пра тыя, без якіх сапраўды можна было б абысціся — але тады вы нічога не даведаліся б пра вайну віскі! Мы гэтага не дапусцім.

Няма часу чытаць? Слухайце нас на Soundcloud. Ці выбірайце платформу на свой густ.

 

Асанж яшчэ на крок бліжэйшы да ЗША

Міністр унутраных справаў Вялікабрытаніі Прыці Патэль ухваліла экстрадыцыю заснавальніка Wikileaks Джуліяна Ассанжа ў ЗША, піша ВВС. У Асанжа ёсць 14 дзён, каб абскардзіць гэтае рашэнне.

Паплечнікі Асанжа не збіраюцца здавацца. У Твітары сёння публікуюць фота заснавальніка Wikileaks, на якім ён трымае таблічку з абяцаннем працягваць змагацца.

 

 

Асанж плануе працягваць змагацца

Італьянская журналістка-расследавальніца Стэфанія Маўрыцы не цырымоніцца з тымі, хто ўжо 12 гадоў патрабуе галаву Асанжа.

— Яны пачнуць з яго, а наступнымі будуць журналісты, якія працуюць з Wikileaks, а потым мы, журналісты мэйнстрыму. Усе мы. І ўсе журналісты, якія захочуць раскрыць іх брудныя сакрэты. Проста таму, што яны не хочуць гэтага.

Гэтая італьянская журналістка мае рацыю, менавіта так усё і працуе. Спярша яны дадуць журналістам трое сутак. Потым — 15. Потым — два гады. Потым — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сёння прапагандысты з беларускага тэлебачання захочуць зрабіць чарговы сюжэт пра тое, як Захад душыць свабоду слова. І іх сюжэты напэўна скончацца словамі "Свабоду Асанжу".

Навучым іх гаварыць правільна: "Свабоду Асанжу. І ўсім беларускім журналістам".

 

Дзядок з Ціктока

У Калумбіі яго называюць el viejito del TikTok — "дзядок з Ціктока". І ён выходзіць у фінал перадвыбарнай гонкі, расказвае CNN.

Ужо ў нядзелю 77-гадовы Радольфа Эрнандэс можа стаць новым прэзідэнтам Калумбіі. Што мы ведаем пра яго? Эрнандэса называюць el ingeniero — інжынер — за навуковую ступень у галіне будаўніцтва. Ён магнат у сферы нерухомасці. А яшчэ ён любіць Цікток.

Не трэба глядзець тэледэбаты, не трэба хадзіць на мітынгі — проста падпісвайцеся на свайго патэнцыйнага прэзідэнта. Калі вам усё гэта нешта нагадвае, у вас парадак з вобразным мысленнем. І el viejito del TikTok не супраць вашых асацыяцый:

"Што я збіраюся рабіць? Перамагаць карупцыю. Калі за гэта яны назавуць мяне калумбійскім Трампам, я не супраць", — кажа Эрнандэс.

 

Зноў Сібір

Расіянам прапанавалі з'ездзіць у Сібір. Гэта не тое, што вы падумалі. Гэта тое, пра што вы і падумаць не маглі: "Растурызм" запускае турыстычны маршрут па месцах адпачынку Уладзіміра Пуціна. І называецца ён "сібірскія канікулы", піша РІА “Новости”.

Уладзімір Пуцін на адпачынку / прэс-служба прэзідэнта РФ / ТАСС

— Гэта абсалютна асаблівы маршрут, у якога сапраўды няма аналагаў. У ім злучыліся і неверагодна прыгожая прырода, і вельмі яркая этніка сібірскіх народаў, і ўнікальныя артэфакты — золата скіфаў, пахавальні правадыроў дагістарычных царстваў сярэдняга Енісея, культавыя месцы будызму ў Тыве, — кажуць у “Растурызме”.

 Як зразумець, які летні адпачынак вам падыходзіць? Прайдзіце просты тэст. Вы думаеце, што ў Расіі няма межаў? Вы любіце шмат часу бавіць у адзіноце і адтуль пагражаць свету? Калі вы адказалі "так" на ўсе пытанні, то вам у Сібір!

 

Самая прыязная вайна

Навіны з паралельнага сусвету: падыходзіць да канца самы ветлівы канфлікт у свеце. Канада і Данія падзялілі напалову бязлюдны востраў, на які кожная з краін прэтэндавала паўстагоддзя, расказвае СВС.

Востраў знаходзіцца за 18 кіламетрах ад кожнай з краін. На ім няма нічога карыснага. Наогул нічога, акрамя рэшткаў канадскіх і дацкіх сцягоў. Гадамі ваенныя караблі кожнай з краін, падплываючы да выспы, усталёўвалі на ім свой сцяг. Канадцы ставілі побач са сцягам мясцовы віскі, а датчане — бутэлечку шнапса. Гэта цягнулася дзесяцігоддзямі.

Але цяпер саюзнікі па НАТА вырашылі прадэманстраваць адзінства. Востраў падзялілі напалову. Міністр замежных спраў Канады Мелані Жалі як бы няўзнак і ні на што не намякаючы сказала:

— Аўтарытарныя лідары вераць, што яны могуць ужываць сілу і могуць вызначаць межы з дапамогай сілы. Але дыпламатыя і верхавенства права сапраўды працуюць. Хай гэта пагадненне натхніць іншыя краіны пайсці тым жа шляхам.

Шкада, што "некаторыя аўтарытарныя лідары" не абмежавалі свае прэтэнзіі да бутэлькі шнапса. І зараз наўрад ці змогуць ёю ж адкупіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.