І ў эміграцыі, і на радзіме беларусы абіраюць шлях мімікрыі пад абставіны

           Рэлігійная прыналежнасць часам з’яўляецца важнейшай нават за нацыянальную


Еўрарадыё: Калі звярнуцца да гісторыі Беларусі, хаця б на 100 гадоў у мінулае зазірнуць, то бачна, што беларусы і ў тыя часы часцяком з’язджалі ў эміграцыю. І зараз з’язджаюць. Гэта такі беларускі трэнд апошняга стагоддзя — з’язджаць з краіны?


Алесь Міхалевіч: Гэта далёка не беларускі трэнд: ва ўсіх краінах прысутнічае эміграцыя, ва ўсіх краінах прысутнічае дыяспара — Беларусь у гэтым плане далёка не выключэнне. Але б я не сказаў, што да апошніх гадоў гэтая хваля была настолькі масавай і вялікай. Проста заўсёды былі людзі, якія з розных прычынаў з’язджалі: хтосьці з эканамічных прычынаў, хтосьці — з палітычных. Але ж Беларусь зусім не ўнікальная ў гэтай з’яве!


Павел Марозаў: Беларуская эміграцыя вельмі падобная да таго, што ў гэтым сэнсе адбываецца ў літоўцаў, ва ўкраінцаў і палякаў. Але толькі ў беларусаў і рускіх ёсць вялікая магчымасць і здольнасці асімілявацца ў тых моцных супольнасцях, куды яны з’язджаюць — ці гэта ЗША, ці якія іншыя краіны. Для беларусаў гэтая здольнасць да асіміляцыі тым больш важная, што няма ні сваёй царквы, ні нацыянальнай ідэі — дзве рэчы, якія збіраюць вакол сябе ў дыяспару эмігрантаў з іншых краін.


Еўрарадыё: Па ўсім свеце ёсць Chinatown, ведаем пра моцныя дыяспары тых жа армян. Чаму нічога не вядома пра моцныя дыяспары беларусаў, чаму мы проста становімся непрыкметнымі, асімілюемся?


Алесь Міхалевіч: Моцныя дыяспары спрадвеку былі найперш у гандлёвых нацый. Для гандлю трэба было перасяляцца ў іншыя краіны, але пры гэтым захоўваць ідэнтычнасць. Другім чыннікам з’яўляецца моцная царква. Але зазвычай у гандлёвых нацый — моцная царква. У тых жа армян ці габрэяў царква моцна прывязаныя да нацыі, свая моцная монатэістычная рэлігія. У беларусаў усяго гэтага няма. Да ўсяго — беларусы падзеленыя і ў рэлігійным пытанні. Таму частка беларусаў моцна інтэгравалася з праваслаўнай царквой, і пасля Другой сусветнай вайны шмат хто інтэграваўся ў замежную праваслаўную царкву, захоўваючы сваю беларускую адметнасць. Але ў другім-трэцім пакаленні гэтыя людзі ўжо моцнай ідэнтычнасці не маюць. Але тое ж тычыцца, да прыкладу, азербайджанцаў ці літоўцаў — яны дастаткова хутка інтэгруюцца ў грамадства і губляюць пэўную ідэнтычнасць. За выключэннем памяці пра тое, што яны — з Беларусі.


Павел Марозаў: Беларусы існавалі і існуюць на разломе цывілізацый. З аднаго боку — Польшча, з другога — Расія, для якіх беларусы былі “сваімі людзьмі”. І таму пэўныя каштоўнасныя ці царкоўныя меркаванні вызначалі, у якую моцную дыяспару яны ўвальюцца ў ЗША, да прыкладу, ці ў Канадзе. Яны маглі для гэтага назвацца палякамі ці расіянамі — з меркавання, як лепш.


Алесь Міхалевіч: Вельмі часта не трэба было кімсьці называцца. Дастаткова было хадзіць ці ў польскамоўны касцёл, ці ў рускамоўную праваслаўную царкву, каб для гэтых груп быць сваім. Рэлігійная прыналежнасць часам з’яўляецца больш важнай, чым нават нацыянальная.


Павел Марозаў: Бо заўсёды большая частка беларусаў абірала шлях мімікрыі пад абставіны. Як гэта было і на радзіме! Заўсёды асноўнай тактыкай выжывання беларусаў — ва ўсіх гэтых войнах, катаклізмах — было зрабіць так, каб гэтая вайна ці іншыя праблемы прайшлі над галавой, не закранулі гэтую галаву. Тое ж і на дыяспары: калі магчыма было стаць добрым амерыканцам ці англічанінам, яны рабілі гэта. Без усялякіх праблем. Але заўсёды памяталі, адкуль яны ўзяліся.



        Можна быць цалкам у беларускім кантэксце, жывучы за тысячы кіламетраў ад радзімы


Еўрарадыё: Лагічна меркаваць, што і палітычная эміграцыя была ў нас заўсёды. Але чым палітычная эміграцыя апошніх 18 гадоў адрозніваецца ад палітэміграцыі паслярэвалюцыйнай, да прыкладу?


Павел Марозаў: У сучасным свеце людзі фізічна з’язджаюць, але, таму, што ёсць інтэрнэт, ёсць адзіная глабальная прастора, яны, нават знаходзячыся ў Новай Зеландыі, пры жаданні могуць жыць беларускім жыццём. Гэта — асноўная адметнасць. Сродкі камунікацыі зрабілі свет глабальным, і гэта добрая магчымасць заставацца беларусам нават за тысячы кіламетраў ад Беларусі. І я ніколі не дзялю беларусаў дыяспары і беларусаў у Беларусі. Гэта ўсё — адзін народ. Проста некаторыя жывуць па-за межамі, бо такая склалася сітуацыя. І я ўпэўнены, што большасць з іх жадае вярнуцца. Бо беларусы, як ніводзін народ, — народ-дамасед. Яны хочуць жыць у сваёй краіне. Проста не ва ўсіх атрымліваецца.


Алесь Міхалевіч: Сусвет стаў нашмат меншым, чым ён быў. Калі раней людзі з’язджалі ў Злучаныя Штаты, разумеючы, што яны Беларусь нават не наведаюць — гэта было вельмі дорага і вельмі далёка, то зараз рэйс ў Мінск са Злучаных Штатаў цягнецца 10 гадзін. Таму зараз эміграцыя не выклікае столькі эмоцый. Бо можна быць каментатарам беларускіх інтэрнэт-старонак, можна быць цалкам у беларускім кантэксце, жывучы за тысячы кіламетраў ад радзімы.


Еўрарадыё: Мы гаворым пра палітычную эміграцыю. Для палітэмігрантаў Беларусь застаецца далёка, нягледзячы на глабалізацыю і самалёты…


Алесь Міхалевіч: А вось у гэтым плане сапраўды нічога з былых часоў не змянілася! Не маглі такія эмігранты наведаць Беларусь тады, не могуць і цяпер. З тым адрозненнем, што я магу наведаць Вільню, за 30 кіламетраў ад беларускай мяжы і за 180 — ад беларускай сталіцы, і гэта мяне істотна да радзімы набліжае. Людзі з ранейшай хвалі эміграцыі маглі наведаць, у лепшым выпадку, Заходнюю Нямеччыну.


Еўрарадыё: Гэтага вам дастаткова?


Алесь Міхалевіч: Калі раней я мог пагаварыць са звычайнымі беларусамі і даведацца, што яны думаюць, меў сваю выбарку са сваякоў, якія жывуць у вёсках, у райцэнтрах, то сёння я не магу з імі нават сустрэцца. Бо ў Прагу далёка не ўсе могуць даехаць. Тыя беларусы, якія турыстычна прыязджаюць у Прагу, — гэта не ёсць рэпрэзентатыўная выбарка, як кажуць сацыёлагі. Гэты людзі, якія маюць грошы на пуцёўкі і якія істотна адрозніваюцца ад сярэдняга беларуса. А калі я бачу беларускія машыны каля гандлёвага цэнтра “Акропаліс” у Вільні, то гэта ў асноўным вельмі дарагія машыны. Я не думаю, што сярэдні беларус ездзіць на BMWX5.



            Пры жаданні беларусы дастаткова хутка інтэгруюцца ў замежную рэчаіснасць


Еўрарадыё: Ці лёгка стаць эмігрантам?


Алесь Міхалевіч: Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. У маім выпадку — я быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, я парушыў гэту падпіску, аўтаматычна мой статус у крымінальным працэсе, які не спынены, быў заменены на “ўтрыманне пад вартай у следчым ізалятары КДБ”. Калі абіраць паміж эміграцыяй і ўтрыманнем у турме КДБ, то, зразумела, мне было дастаткова лёгка рашыцца на эміграцыю. Свабода дае нашмат больш рычагоў для ўплыву на сітуацыю, нават — свабода за мяжой, чым утрыманне за кратамі ў Беларусі.


Еўрарадыё: Ці лёгка знайсці сябе ў эміграцыі?


Алесь Міхалевіч: Залежыць ад таго, наколькі чалавек раней быў інтэграваны ў нейкія сусветныя працэсы, ці ведае ён замежныя мовы. Не магу сказаць, што для мяне гэта было надта цяжка — я прыехаў, ведаючы польскую і англійскую мовы. Зараз ужо на добрым узроўні вывучыў чэшскую, істотна палепшыў нямецкую. Пры жаданні беларусы дастаткова хутка інтэгруюцца ў замежную рэчаіснасць. Упэўнены: практычна кожны беларус пры жаданні знойдзе сабе месца ў любой цывілізаванай краіне.


Еўрарадыё: Калі вы ехалі ў эміграцыю, ведалі, хто там будзе, што будзе, з кім зможаце сустрэцца і хаця б проста пагаварыць?


Алесь Міхалевіч: Ведаў я вельмі мала, але для мяне рашэнне было відавочным. Аднак раней я шмат разоў быў у Чэхіі і добра ўяўляў, куды я еду. І я ехаў у вельмі прыязнае асяроддзе: чэхі з тых нацый, якія вельмі прыязна ставяцца да рэальных палітычных уцекачоў, да тых людзей, якім на радзіме пагражае штосьці сур’ёзнае.



             Для якаснага пераўтварэння Беларусі неабходна шмат людзей з еўрапейскай адукацыяй


Еўрарадыё: Наколькі з вашым ад’ездам, ад’ездам іншых палітычных актывістаў і лідараў, збяднеў палітычны асяродак Беларусі?


Павел Марозаў: У Беларусі ёсць меркаванне, што калі нехта з’ехаў з краіны, то ўсё — ён цалкам адарваны ад таго, што ў краіне адбываецца. Але я лічу, што ўсё залежыць ад таго, як да гэтага ставяцца і тыя, хто з’ехаў, і тыя іх партнёры, якія засталіся ў Беларусі. Я лічу, што тыя, хто з’язджае з Беларусі, атрымліваюць не толькі мінусы — немагчымасць працаваць на роднай зямлі, страту актуальнага адчування таго, што штодзённа адбываецца ў краіне. Але ёсць і плюсы. У Беларусі ўсе палітыкі працуюць “пад каўпаком”. Калі ты ў нармальнай краіне і ты ставіш за мэту працаваць для Беларусі, то ты можаш працаваць для Беларусі. І рабіць нашмат больш, чым калі б ты быў у Беларусі. Таму я лічу, што дыяспара можа быць карыснай. Але ніколі не быў прыхільнікам нейкага ўрада ў выгнанні, які вырашыць усе нашы праблемы. Дыяспара з’яўляецца партнёрам, які можа дапамагчы тым людзям, якія засталіся ў Беларусі, якія штосьці робяць для дэмакратызацыі краіны, працаваць больш якасна, даваць ім пэўныя кантакты, пэўную экспертызу, іншы погляд. І яшчэ: дыяспара — гэта адзін з асноўных кадравых рэзерваў для будучай Беларусі. Бо калі мы кажам пра якаснае пераўтварэнне Беларусі, то для гэтага неабходны шмат людзей з еўрапейскай адукацыяй, з добрымі прафесійнымі якасцямі. І калі мы ведаем, што яны знаходзяцца ў Празе, Варшаве, Таліне ці Берліне, то трэба не толькі заўсёды мець гэта на ўвазе, але і мець ідэі — як іх адтуль вярнуць у Беларусь.


Алесь Міхалевіч: У чымсьці, сапраўды, палітычны асяродак Беларусі з ад’ездам такіх людзей бяднее, але ў чымсьці і набывае. Бо тыя ключавыя фігуры, якія ўвесь час знаходзяцца за мяжой, яны прыцягваюць увагу замежжа да “беларускага пытання”. І яны сапраўды ў будучыні могуць шмат зрабіць для якаснага пераўтварэння Беларусі, бо яны ведаюць, як гэтая дэмакратыя функцыянуе, ведаюць наўпрост тыя рэчы, пра якія беларусы, якія ўсё жыццё правялі на радзіме, максімум ведаюць з кніжак. Не мы выбіраем гэтую эміграцыю — эміграцыя, хутчэй, выбірае нас. І я ўпэўнены, што тыя здольнасці, тыя навыкі, тыя веды, якія беларусы атрымліваюць па-за межамі, яны могуць быць эфектыўна выкарыстаныя дзеля Беларусі пасля іх вяртання ў краіну.


Еўрарадыё: “Эміграцыя выбірае нас” — вас яна выбрала, а чаму, на ваш погляд, не выбрала таго ж Някляева ці Дзмітрыева, Лябедзьку?


Алесь Міхалевіч: Мяне гэта менш за ўсё цікавіць! Я быў у той канкрэтнай сітуацыі, дзе мне пагражала сур’ёзнае турэмнае зняволенне, яно ўсё яшчэ мне пагражае, і я зрабіў свой выбар. Гэта як бомба — ніколі не вядома, дзе яна ўпадзе і дзе будзе эпіцэнтр. Да таго моманту (19 снежня 2010 года. — заўв. Еўрарадыё) па мне таксама білі, але не так моцна — 5 ці 10 сутак адміністрацыйнага арышту. А потым… Я думаю, што Павел, калі перад выбарамі 2006 года маляваў свае знакамітыя мультфільмы, таксама не планаваў нікуды з’язджаць і не думаў, што нейкія мультфільмы выклічуць крымінальны пераслед і распачынанне  крымінальнай справы па сур’ёзным артыкуле…


Павел Марозаў: Абсалютна не думаў!


Алесь Міхалевіч: Таму нехта апынаецца ў гэтай ролі, і немагчыма тут зрабіць нічога іншага. Выбар відавочны: большасць беларусаў, калі ім будзе пагражаць доўгатэрміновае турэмнае зняволенне, абяруць ад’езд з краіны.



        Справа не ў вышыванцы і не ў самагонцы — не хапае сваёй роднай зямлі

Еўрарадыё: У эміграцыі ў вас для кожнага знайшлася справа. Але ці ёсць патрэба сустрэчы з суайчыннікамі, ці ўзнікаюць новыя сувязі і кантакты з мясцовымі беларусамі?


Павел Марозаў: Безумоўна, такая патрэба ёсць. Я з’ехаў напрыканцы 2006 года і амаль адразу зразумеў, што сустрэч з землякамі трэба шукаць — у Кіеве, Варшаве, Вільні. Адразу стала зразумела, што неабходна падтрымліваць кантакты з нашымі дыяспарамі ў іншых краінах. Менавіта таму ў 2008 годзе мы дайшлі да ідэі правядзення Кангрэса беларускай дыяспары, якому ўжо 5 гадоў. Гэта пляцоўка, дзе беларусы з розных краін могуць сабрацца і разам падумаць, абмеркаваць, што яны могуць зрабіць для сваёй радзімы.


Алесь Міхалевіч: Зразумела, патрэба сустракацца з беларусамі ёсць, і ёсць пэўнае кола беларусаў з ліку эмігрантаў, з якімі пастаянна сустракаешся. Хаця… Тыя беларусы, якія дастаткова хутка інтэграваліся ў прафесійным жыцці, дастаткова хутка ўліваюцца ў іншае жыццё, у іншую рэчаіснасць і не так часта бываюць на “беларускіх” сустрэчах.


Еўрарадыё: Вы ўжо адчулі настальгію? Ёсць жаданне ўвечары апрануць вышыванку і пад песні радзімы “кульнуць” шклянку самагона?


Алесь Міхалевіч: Мне вельмі хочацца наноў пабачыць наваградскія ўзвышшы, прыехаць у Магілёў ці Гродна. Хочацца проста адчуць Беларусь на практыцы. Проста пабачыць шыльды з назвамі гарадоў на беларускай мове! Гэтага страшэнна не хапае. З іншага боку, я не той чалавек, якому не хапае чорнага хлеба, беларускай тушонкі і беларускай гарэлкі. Я не ведаю, што адказаць на пытанне: “Што табе прывезці з Беларусі?” У плане штодзённага жыцця мне абсалютна ўсяго хапае.


Павел Марозаў: Справа не ў вышыванцы і не ў самагонцы — не хапае сваёй роднай зямлі, кантакту з ёй і яе людзьмі. І гэта нічым немагчыма замяніць. А свая справа тут… Яна робіцца выключна дзеля адной мэты: каб як мага хутчэй надышоў час, калі б мы маглі вярнуцца. І жыць на радзіме.


Еўрарадыё: А жаданне вярнуцца не знікне з часам, кінуць усё — столькі гадоў тут, прыжыліся, абжыліся?..


Алесь Міхалевіч: Не трэба кідаць усё. Кожны з нас, актыўных беларусаў за мяжой, вельмі моцна прадумвае, каб вярнуцца не проста са сваёй галавой, а вярнуцца з сувязямі, з кантактамі, з распрацаванымі праектамі, з распрацаванай справай.


Павел Марозаў: Хоць заўтра гатовы сесці у цягнік, аўтобус, самалёт і вярнуцца! Эстонія — вельмі добрае месца, але гэта часовы прытулак, дзе я магу нешта рабіць для Беларусі. Як толькі ў Беларусі можна будзе рабіць тое, што я магу і хачу рабіць, я вярнуся. І сям’я мая са мной паедзе.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі