І Карпянкоў — зацверджаны склад камісіі па прыёмцы першага энергаблока БелАЭС

Беларуская АЭС / з архіва Еўрарадыё
Беларуская АЭС / з архіва Еўрарадыё

Вызначаны склад камісіі па прыёмцы ў эксплуатацыю першага блока Беларускай атамнай электрастанцыі. Адпаведная пастанова ўрада апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

У спісе — 21 чалавек. Старшынёй камісіі прызначаны Юрый Назараў — віцэ-прэм'ер, які курыруе ва ўрадзе энергетычны комплекс. У камісію таксама ўвайшлі гендырэктар "Белэнерга" Павал Дрозд, гендырэктар "БелАЭС" Міхаіл Філімонаў, намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко і іншыя.

У склад камісіі ўключаны таксама намеснік кіраўніка МНС Анатоль Далгалявец і намеснік кіраўніка МУС — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Прадугледжана, што ў склад камісіі ўвойдуць і некалькі расійскіх спецыялістаў, у тым ліку гендырэктар "Атамтэхэнерга" Юрый Маркаў, віцэ-прэзідэнт "Атамбудэкспарт" Віталь Палянін і дырэктар па праектаванні БелАЭС інжынірынгавай кампаніі "АСЭ" Сяргей Прыходзька. Але іх удзел у працы камісіі магчыма толькі "з іх згоды", гаворыцца ў пастанове беларускага ўраду.

У канцы лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб уводзе ў эксплуатацыю БелАЭС". Дакумент прадугледжваў, што першы блок Беларускай атамнай электрастанцыі павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе, другі — у першым паўгоддзі 2022.

Пры гэтым "датай уводу ў эксплуатацыю першага блока АЭС з'яўляецца дата падпісання членамі прыёмачнай камісіі акта прыёмкі".

У канцы лютага першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуль казаў, што прыёмка першага энергаблока плануецца ў красавіку-траўні.

Варта адзначыць, што запуск блокаў станцыі неаднаразова пераносілі, у выніку першы энергаблок запусцілі 7 лістапада 2020 года. На цырымоніі прысутнічаў Аляксандра Лукашэнку. Аднак на наступны дзень станцыя спынілася. Пазней стала вядома, што выйшлі з ладу трансфарматары напружання. Зноў у сетку першы энергаблок уключылі 19 лістапада. Затым неаднаразова выключалі і ўключалі.

У Мінэнерга казалі, што гэта планавыя мерапрыемствы і тлумачылі, што адключэнні і ўключэнні неабходныя "для таго, каб старанна пратэставаць усе сістэмы і абсталяванне і пацвердзіць праектныя паказчыкі іх надзейнасці і бяспекі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі