Хвіліна размовы на мабільніку патаннела на 4 рублі

З 1 жніўня ў два разы зменшаны падатак па Мінску на розныя сферы паслуг: мабільную сувязь, паслугі рэстаранаў, бараў, кафэ, дыскатэк, а таксама на аказанне касметычных паслуг. Як гэта сказалася на нашых мабільніках, Еўрарадыё запыталася ў аднаго з аператараў Velcom.

Аператар: Кошт званка з мабільнага тэлефона не змяніўся: які кошт пазначаны ў тарыфным плане, такі і застанецца. Без уліку падатку адна хвіліна размовы каштуе 77 беларускіх рублёў. Калі раней браўся падатак 10%, і вы плацілі за адну хвіліну 85 рублёў, то зараз – 81.

Зніжэнне мясцовага падатку больш за ўсіх чакалі супрацоўнікі турыстычных фірмаў: многія не ўключалі падатак у кошт пуцёўкі. Бо яны і без таго нятанныя. Таму займацца турызмам ў апошні час стала цяжка. Ці будуць цяпер зніжаны цэны на Турцыю? Адказвае галоўны бухгалтар турыстычнай фірмы “ Бел-Рыкер” Марына Бротава.

Марына Бротава: Безумоўна, у любым выпадку гэта адаб’ецца на цэнах.

Але пры гэтым дадае.

Марына Бротава: Мы ўжо бачым заканамернасць: калі яго панізілі на сённяшні дзень - добра, але калі яго адновяць – мы падвысім цэны.

Калі турыстычныя фірмы самастойна вырашаюць, плаціць падатак самім ці разам з кліентамі, то прадстаўнікі рэстараннага бізнесу ўключалі падатак у меню. Сваё меркаванне выказаў дырэктар рэстарана “У ратушы” Уладзімір Уласаў.

Уладзімір Уласаў: Гэта не грошы прадпрыемства, гэта грошы дзяржавы, - якія яна сама ўключае і сама выключае. Мы гэтымі сродкамі не карыстаемся, а толькі пералічваем дзяржаве.

А вось сталічныя модніцы зніжэння цэн на касметалагічныя паслугі так і не адчуюць. Па словах адміністратара салона прыгажосці “ Холідэй”, не толькі падатак уплывае на цэнаўтварэнне, але яшчэ праца майстра, затраты, прэпараты. Менавіта ў жніўні гэтыя пазіцыі ўзраслі, таму паслугі салона прыгажосці не стануць таннымі.

Адміністратар: Падатак знізіўся, але нешта ўзрасло, таму значных змен у цэнаўтварэнні не адбылося. Кліент не адчуў гэтага.


Фота - www.webhse.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі