Хто пераблытаў Купалу з Коласам?

Хто пераблытаў Купалу з Коласам?

І дня не прастаяў бігборд у Гродне, на якім партрэт Янкі Купалы быў падпісаны імем Якуба Коласа. Як стала вядома Еўрарадыё, размясціў уладальнік бігборда гэтую “сацыяльную рэкламу” да ХІ фестывалю нацыянальных культур на замову Гродзенскага выканкама. Але хто той дызайнер, які прыпісаў Купалу словы Коласа?

“Ну, напэўна мне не хацелася б агалошваць такую інфармацыю, — кажа кіраўнік ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Віталь Мамачкін, —  Ёсць… пэўныя фактары”.

У мінскай фірме, якой той гродзенскі бігборд належыць, тлумачаць, што плакаты былі прысланыя з гарвыканкама гатовымі. “Калі ўбачылі памылку, цягам дзвюх гадзін ён быў дэмантаваны”.

Калі да распрацоўкі дызайну і тэксту на плакаце маюць дачыненне чыноўнікі гарвыканкама, то зразумелая і наяўнасць “пэўных фактараў”, праз якія імёны аўтараў не называюць. Але апроч адукацыйнага ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць фінансавы фактар — праца была зробленая, і яна каштавала грошай. Колькі?

Паводле закону “Аб рэкламе”, сацыяльная рэклама размяшчаецца бясплатна. Адпаведна, арэнда бігборда нічога гарвыканкаму не каштавала. А яго ўладальнікам? Мантаж, дэмантаж…

“Канечне, у нешта абышлося, але мы на гэтыя выдаткі ідзем дзеля горада”, — адказвае прадстаўнік сталічнай фірмы.

Добра, але ж яшчэ і надрукаваць той плакат трэба было…

“Гэта мецэнаты”, — адказвае кіраўнік ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі гарвыканкама  Віталь Мамачкін.

Ні імёнаў мецэнатаў, ні патрачанай імі сумы не называе. Як не здольны ідэолаг сказаць, ці будуць сапсаваны плакат перадрукоўваць.

Цікавая рэакцыя на скандал у гродзенскіх спецыялістаў “вонкавай рэкламы” — яны лічаць, што не варта ўвогуле звяртаць увагу на гэтую сітуацыю з памылкай.

“Я лічу, што гэта проста нейкая тэхнічная памылка, — даводзіць мне начальнік аддзела продажаў аднаго з гродзенскіх аператараў вонкавай рэкламы Кірыл Кандрашоў. — Заўжды прысутнічае чалавечы фактар, і я не ведаю, чаму гэтаму такі розгалас надалі і робяць незразумела што. Мне падаецца, проста няма чым больш заняцца некаму, вось яны і раздзімаюць гісторыю з гэтага”.

Ну, зрабілі памылку, ну, з памылкай павесілі плакат, ну, знялі і зараз зробяць і павесяць новы, без памылак…

Фота з facebook Міхася Скоблы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі