Хто памыляецца: Эльжбета Радзівіл ці мастацкі музей?

Візіт Радзівілаў паставіў Мастацкі музей у тупік. Князёўна Эльжбэта лічыць, што партрэты яе продкаў пераблыталі. Навукоўцы не згаджаюцца.
Прыватны візіт знакамітага роду Радзівілаў на Беларусь працягваецца. Здавалася б, усё праходзіць гладка — газеты, тэлебачанне, хлеб-соль на ўездах у вёскі, што належалі Радзівілам, пампезныя экскурсіі ў музеі. Але пільная 91-гадовая князёўна вылічыла, што нашы навукоўцы дзе-нідзе пераблыталі гісторыю слаўнага роду.

Пані Эльжбета сцвярджае, што шыльдачкі пад карцінамі Радзівілаў у Нацыянальным мастацкім музеі падпісалі няправільна.

“Трэба перапісваць палову таблічак, — перакладае для Еўрарадыё словы князёўны арганізатар яе візіту Глеб Лабадзенка. — Там вісеў партрэт жанчыны, і яны падпісалі, што гэта Луіза Гогенцолерн – прапрапрабабуля князёўны Эльжбеты. Але як толькі пані Эльжбета пабачыла гэту карціну, яна сказала, што гэта не Луіза Гогенцолерн, а Аляксандра Браніцкая (Энгельгарт)”.

Супрацоўніцы музея пачалі спрачацца, маўляў, навукоўцам лепш відаць, а ўсе подпісы зроблены згодна з афіцыйнымі дакументамі. Але якія тут дакументы, калі князёўна знайшла памылку на шыльдзе пад партрэтам…роднага бацькі.

“Другое ўдакладненне было зроблена наконт Альбрэхта Радзівіла, бацькі князёўны Эльжбеты, — працягвае Глеб Лабадзенка. — Было сказана, што ён маляваны ў пачатку 20 стагоддзя. А гэта насамрэч здарылася прыкладна у 1941 годзе. Нейкаму мастаку замовілі зрабіць з маленькай пастэлі вялікую копію ў лаўровым вянку і з арлом. Музейшчыцы паспрабавалі паспрачацца з пані Эльжбетай, але гэта выглядала смешна”.

Падчас наведвання радзівілаўскіх палацаў князёўна не раз, энергічна патрасаючы кійком, здзіўлялася:

Эльжбета Радзівіл: "Гэтага не было, гэтага не было і гэтага не было. Была тая вежа, тая і тая. А вось гэтага не было”.

А калі гартала архіўныя экспанаты, дакладна іх пазнавала :

Эльжбета Радзівіл:“А гэта была кніжка – асабіста майго дзядулі”.

Аднак музейныя супрацоўніцы з князёўнай да канца не паразумеліся. На думку загадчыцы аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага музея Алены Карпенкі, усе экспанаты зафіксаваны правільна, а князёўна папросту не можа ведаць пра ўсе да адной карціны з выявамі Радзівілаў.

Алена Карпенка: “У нас усё правільна. Калі яна падыходзіла да партрэтаў, то казала: “Вось гэты я памятаю, ён быў у Нясвіжы, а вось гэтага, мне падаецца, у Нясвіжы не было”. Трэба ўлічыць, што ў нас сабраны партэты і з іншых збораў. Яны ў свой час маглі знаходзіцца ў Алыцы, у Белай Падлясцы. Тое, пра што яна памятала, яна называла дакладна. Не памятала, так і казала: “Я пра гэта не памятаю”.

Еўрарадыё звярнулася да некалькіх іншых навукоўцаў, каб тыя пракаментавалі – ці могуць быць памылкі ў подпісах партрэтаў Радзівілаў? Навукоўцы перасылаюць адзін да аднаго, і просяць сябе не называць — гісторыя славутага роду да канца не вывучаная. Дык, можа, і варта было б прыслухацца да словаў найстарэйшай прадстаўніцы слаўнага роду, якая асабіста памятае тых, хто выяўлены на партрэтах?..

Фота labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі