Хто галасуе не па месцы рэгістрацыі — будуць чакаць, пакуль сазвоняцца камісіі
Галасаванне ў амбасадзе Беларусі ў Кітаі / china.mfa.gov.by
Калі выбаршчык зарэгістраваны ў Беларусі, а галасаваць будзе, напрыклад, у Маскве, камісіі будуць удакладняць спісы.
Платформа "Сумленныя людзі" заклікала грамадзян Беларусі прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах, калі яны (грамадзяне Беларусі) знаходзяцца за мяжой. Інструкцыі пра тое, як гэта зрабіць, ёсць на сайтах дыпламатычных прадстаўніцтваў, у якіх будуць адкрыты выбарчыя ўчасткі.
Аказваецца, перашкод для гэтага няшмат. Неабавязкова стаяць на консульскім уліку ў амбасадзе. Беларускі пашпарт можа быць любой серыі. І папярэдняга запісу не патрабуецца.
Але ёсць адзін нюанс. Адмацавальных пасведчанняў у беларускім выбарчым заканадаўстве не існуе. Як замежнай участковай камісіі — напрыклад, у Маскве — пераканацца, што вы яшчэ не галасавалі па месцы рэгістрацыі? Еўрарадыё высветліла нечаканую дэталь.
— Камісія перад тым, як даць чалавеку прагаласаваць, павінна паглядзець яго штамп аб рэгістрацыі, звязацца з адпаведнай участковай камісіяй па яго адрасе рэгістрацыі. Яго выключаць са спіса тут і дададуць у Маскве, — расказвае намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Беларусі Іван Толкач.
Выбаршчык, адпаведна, павінен будзе чакаць, пакуль участковыя камісіі звяжуцца паміж сабой і вырашаць усе пытанні. Гэты парадак датычыцца выбаршчыкаў, зарэгістраваных у Беларусі.
Ці трэба загадзя ўносіць сябе ў асноўны спіс выбаршчыкаў?
У ЦВК Беларусі лічаць, што для галасавання за мяжой удакладненне спісаў з боку выбаршчыкаў асаблівага сэнсу не мае.
— Усё роўна выбаршчык прыйдзе з пашпартам. Без яго за мяжой прагаласаваць нельга будзе, нават калі ты ў асноўным спісе. Чалавек прыходзіць на датэрміновае або асноўнае галасаванне на выбарчы ўчастак. Прад'яўляе пашпарт, і яго ўносяць у дадатковы спіс.
На думку прадстаўніка ЦВК Івана Тоўкача, загадзя правяраць, ці ўнеслі цябе ў асноўны спіс выбаршчыкаў, мае сэнс толькі пры знаходжанні ў Беларусі. Напрыклад, у сітуацыі, калі ў перыяд галасавання ў вас не будзе пашпарта.
— Дапусцім, у выбаршчыка ёсць толькі пасведчанне кіроўцы. Па ім прагаласаваць можна, але толькі калі ён у асноўным спісе. А калі яго няма ў асноўным спісе — хай нават ён і зарэгістраваны на гэтым участку, — для таго, каб яго ўнеслі ў дадатковы спіс, яму патрэбны будзе пашпарт. Такі нюанс.
Пры жаданні можна прагаласаваць двойчы?
Калі ў выбаршчыка ёсць часовая рэгістрацыя або дамова арэнды, ён можа прагаласаваць не па месцы пастаяннай рэгістрацыі. Не важна, у Беларусі ці не.
— Павінен быць нейкі дакумент, які даказвае, што ён пражывае ў іншым месцы. Вось тады камісія мае права ўнесці чалавека ў дадатковы спіс і даць магчымасць прагаласаваць, — тлумачыць Іван Толкач.
Але і ў гэтым выпадку камісія павінна звязацца з камісіяй па месцы рэгістрацыі выбаршчыка, каб там яго выключылі са спіса. Калі ж камісія гэтага з нейкіх прычын не зробіць, то... па-бам! У выбаршчыка, які спачатку прагаласаваў па месцы рэгістрацыі, а потым прыехаў прагаласаваць па месцы жыхарства, атрымаецца прагаласаваць двойчы.
Па словах Івана Толкача, такія выпадкі двайнога галасавання магчымыя — але толькі па недаглядзе камісіі:
— Калі не зірнулі, паверылі на слова ці што-небудзь такое. А калі працэдура выконваецца як належыць, то ў нас двайное галасаванне немагчымае. Выбарчая карусель у Беларусі — не больш чым прыгожая гісторыя для журналістаў.
Зрэшты, недагляды здараюцца. На парламенцкіх выбарах 2019 года грамадская актывістка Аліна Нагорная змагла прагаласаваць на двух выбарчых участках, маючы часовую і пастаянную рэгістрацыю ў розных раёнах. А ў суседняй Расіі назіральнікі рэгулярна паведамляюць пра "каруселі" іншага роду — калі групу выбаршчыкаў возяць аўтобусамі ад участка да ўчастка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.