Хостынг-правайдэры збіраюцца часткова сысці з Беларусі

З-за нашумелага ўказу №60 правайдэрам давядзецца не толькі пераносіць серверы ў Беларусь, але  і адкрываць свае прадстаўніцтвы за мяжой.
Указ прэзідэнта №60, а таксама пастановы Саўміна, могуць вымусіць беларускіх правайдэраў часткова пераехаць за мяжу, бо цяпер яны не могуць абслугоўваць сваіх кліентаў на замежных серверах. Такое меркаванне было агучанае падчас канферэнцыі "Байнет 2.4", якая адбылася сёння ў Мінску.

"Беларускія хостынг-правайдэры ў такіх умовах проста будуць вымушаныя адкрываць свае прадстаўніцтвы ў замежных краінах. І рэкамендаваць сваім фізічным асобам, якія будуць да іх звяртацца, размяшчацца ў гэтых прадстаўніцтвах. Адбудзецца адток капіталу і кліенцкай базы. Мы толькі прайграем у гэтым выпадку. Калі адной з мэтаў было дапамагчы нам, то атрымалася ўсё наадварот",  — кажа дырэктар Extmedia Максім Саўчанка.

Калі айчынным правайдэрам не ўдасца перанесці свае серверы за мяжу, то самі сайты “сыдуць” з Беларусі, мяркуе кіраўнік hoster.by Сяргей Павалішаў.

“Ёсць небяспека, што фізічныя асобы зробяць свой выбар на карысць замежных хостынг-кампаній. Гэта пытанне коштаў і адсутнасці рэгістрацыі. Але калі не трэба будзе рэгістраваць паштовыя скрыні і сама рэгістрацыя будзе бясплатнай, на што яшчэ можна спадзявацца, то адтоку фізічных асобаў можа і не быць”.

Але ж рэгістрацыя сайтаў будзе абавязковай. І цяпер правайдэр не зможа даць доступ да сайта, пакуль яго ўладальнік не пройдзе дзяржаўную рэгістрацыю. 

“Калі нашы кліенты будуць вымушаныя чакаць 20 дзён, пакуль іх сайт зарэгіструюць, каб мы маглі падаць да яго доступ, — гэта будзе не канкурэнтаздольна ў параўнанні з нашымі замежнымі калегамі”, — адзначае Максім Саўчанка

Уявіце, калі вам трэба стварыць сайт-візітку нейкай падзеі  — чакаць рэгістрацыі давядзецца 20 дзён. У Расіі ваш сайт стане даступным да канца працоўнага дня. 

Дызайн-студыя PITRI таксама сутыкнулася з праблемамі. Так, напрыклад, цяпер прыйдзецца рэгістраваць кожны тэставы сайт, які яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы, і таксама чакаць 20 дзён, каб даць магчымасць кліентам правесці ўсе тэсты. Мінсувязі прапанавала стварыць некалькі даменаў трэцяга ўзроўню з назвамі тэст1, тэст2 і гэтак далей, што ўсім прысутным падалося проста смешным. 

Падчас гарачых дэбатаў нейкіх відавочных вынікаў дасягнуць не атрымалася. Сваю пазіцыю Міністэрства сувязі данесла яшчэ напачатку. Маўляў, мы не распрацоўвалі указ, таму не на ўсе пытанні можам адказаць. А вось распрацоўшчыкі, Аператыўна-аналітычны цэнтр, спаслаўшыся на занятасць, прыйсці адмовіліся.

Мінсувязі паабяцала  разабрацца з рэгістрацыяй e-mail'аў і папрасіла ўдзельнікаў канферэнцыі сабраць разам свае прапановы ды даслаць іх у міністэрства. 

Як стала вядома, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ўсевалад Янчэўскі заявіў, што рэгістрацыя пошты —  гэта абсурд, а рэгістрацыя сайтаў павінна быць бясплатнай. Таксама верагодна, што рэгістрацыю сайтаў зробяць магчымай постфактум, напрыклад, на працягу 5 дзён пасля запуску сайта.  

Па словах чыноўнікаў, пастановы Саўміна закліканыя перацягнуць айчынныя сайты на беларускі хостыг. Але гэта, на думку дырэктара Extmedia Максіма Саўчанкі, можна было зрабіць іншым спосабам.

"Асноўная праблема, чаму мы трымалі нашых кліентаў за мяжой, гэта быў высокі кошт замежнага трафіку, які нам прапаноўваў "Белтэлекам". Адзінае, што трэба было зрабіць, каб прывабіць беларускія сайты на абсталяванне ў Беларусі, гэта проста знізіць кошт знешняга трафіку".

Як вынік беларускія кампаніі будуць вымушаныя мець два сайты: на беларускім і замежным хостынгу — адпаведна для беларускіх і замежных карыстальнікаў. Такім чынам ужо вырашыў пайсці сайт інфармагенцтва "БелаПАН", які будзе фільтраваць карыстальнікаў па IP-адрасах, каб размяжоўваць трафік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі