Хочаш катацца – атрымай правы!

Так у сённяшніх варунках гучыць незабыўная народная мудрасць. Але машынай кіраваць — гэта вам не саначкі вазіць. На атрыманне пасведчання кіроўцы цяпер у Мінску даводзіцца траціць ад сямі месяцаў. Менавіта столькі часу зойме паход па медычную даведку, чаканне ў чарзе ў аўташколу, нарэшце само навучанне і непасрэдна здача іспытаў у ДАІ. Еўрапейскае радыё вырашыла разабрацца, куды і чаму знікае наш час.

Перш чым звярнуцца ў аўташколу, неабходна прайсці медычны агляд. Да нядаўняга часу гэта можна было зрабіць толькі ў 24-й паліклініцы спецмедаглядаў, дзе ў невялікім памяшканні жыхары сталіцы выстрайваліся ў вялізныя чэргі.

Напрыканцы мінулага году вадзіцельскія камісіі пачалі працаваць у кожнай цэнтральнай паліклініцы раёнаў, а таксама ў 33-й студэнцкай, якая, праўда, абслугоўвае толькі іншагародніх навучэнцаў. Здавалася б, сітуацыя спрасцілася.

Аднак, па словах першага намесніка старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Вячаслава Шылы, неўзабаве камісіям давядзецца вярнуцца назад у 24-ую паліклініку.

“На такі крок — раэлізацыю працы менавіта ў раённых паліклініках — мы пайшлі як на часовыя захады ў сувязі з тым, што не хапала памяшканняў. А ў раённых паліклініках змешваюцца два патокі: з аднаго боку кіроўцы, якім неабходна прайсці камісію, а з іншага — пацыенты, якія павінны атрымаць медычную дапамогу.

Таму ідэальнае выйсце — гэта арганізацыя адной спецыялізаванай паліклінікі з дастатковай колькасцю вадзіцельскіх камісій”.


Дарэчы, сама 24-я паліклініка ў мэтах пашырэння плошчаў пераехала ў новае памяшканне, прычым далёка ад цэнтра горада, на Філімонава, 53 — у памяшканне медыка-санітарнай часці завода імя Вавілава. Але не вядома, што горш, паколькі, як высветлілася, раённыя камісіі не надта палегчылі справу з медаглядам.

Пра тое, як гэта там адбываецца, нам распавялі ў 33-й студэнцкай паліклініцы:

“Спачатку трэба пайсці на вуліцу Бехцерава, 5 у псіха-неўралагічны дыспансер, узяць там даведку. Затым ідзеце на Гастэла, 16 — гэта наркалагічны дыспансер, таксама бярэце там даведку.

Потым з дзвюма гэтымі даведкамі, з вайсковым білетам ці прыпісным прыходзіце да нас. У даўрачэбным кабінеце заключаеце дамову, аплочваеце на месцы каля 11 тысяч, і мы вас тут афармляем. Толькі трэба запісацца папярэдне”.


Так, цяпер абавязкова трэба запісвацца папярэдне, прычым за месяц наперад. А вось у аўташколах чэргі яшчэ большыя. Паўсюль запісваюць толькі на канец вясны — пачатак лета.

“Мы фармуем ранішнюю групу на 17 красавіка, выхаднога дня — на 19 траўня, вечаровую — на 29 траўня. Усе папярэднія групы ўжо запоўненыя”

Падобны адказ гучыць паўсюль. З гэтага вынікае, што мінчане на атрыманне правоў вымушаныя траціць каля сямі месяцаў: адзін з іх — каб займець медычную даведку, тры — каб адстаяць у чарзе ў аўташколу, і яшчэ ад трох месяцаў — на само навучанне і здачу іспытаў.

Хочацца верыць у тое, што падобныя захады станоўча паўплываюць на культуру дарожнага руху.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі