Хочаце, каб "Князь" узгадаў вас у сваёй кнізе — рассмяшыце яго!

У галерэі сучаснага мастацтва "Ў" адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Сапегі
Вясёлыя гісторыі з жыцця музыкантаў — кніга "100 кубкаў яблычнай гарбаты" — гэта першы досвед бубнача гурта Apple Tea Аляксандра Сапегі на літаратурнай ніве:

Аляксандр Сапега: "Звычайна самыя цікавыя выпадкі і гісторыі адбываюцца з музыкантамі падчас застолляў. Там жа і распавядаюцца самыя цікавыя гісторыі. Вось і для мяне ўсё пачыналася з таго, што хацелася запомніць некалькі такіх смешных гісторый, каб пасля распавесці іх у іншай кампаніі сяброў".



Спачатку свае самыя любімыя жарты ці асобныя фразы Аляксандр запісваў проста у мабільны тэлефон, але праз пару месяцаў гэтага ўжо не хапала. Так нарадзілася думка сабраць усе гісторыі ў кнігу. Гэтую ідэю тут жа падтрымалі і сябры Аляксандра.

Аляксандр Сапега: "Я паказаў свае запісы Адаму Глёбусу, які адразу сказаў: "Добрая справа! Друкуйся!!!"


Пачалася прэзентацыя пад акампанемент сяброў-музыкаў з Apple Tea
Ігара Лютага і Мішы Філіпені


"Смешныя гісторыі самі "ліпнуць" да нашых музыкантаў, бо ўсе яны маюць добрае пачуццё гумару", — смяецца саксафаніст Apple Tea Ігар Люты

"Але ж, усе гісторыі гэтай кнігі — не выдумка!" — дадае аўтар.



Дырэктарка кнігарні галерэі "Ў" Аляксандра Дынько вельмі задаволеная, што менавіта з гэтай кнігі пачынаецца актыўная дзейнасць кнігарні і яе камунікацыя з наведвальнікамі і чытачамі.

Аляксандра Дынько: "Гэта сапраўды сяброўская кніга, з добрай сяброўскай атмасферай. Кніга пра музыкантаў, якія не толькі выдатна іграюць і жывуць цікавым жыццём, але і выдатна валодаюць словам! Як раз такіх асоб мы б хацелі бачыць у нашай кнігарні: жывых людзей, якія ствараюць нешта самі, або становяцца героямі чыіхсці твораў".




Стэфанія –  карэктар кнігі



Мастацкім афармленнем кнігі займаўся даўні сябра Аляксандра Сапегі Алег Усціновіч
А выбраць канчатковы варыянт вокладкі для "100 кубкаў яблычнай гарбаты" Аляксандру дапамаглі карыстальнікі Жывога Журнала шляхам лёсавання ў яго аўтарскім блогу.

Дачка Аляксандра Сапегі, Аліса, прызналася Еўрарадыё, што і сама не супраць адкрыць у сабе літаратурны талент.

Аліса Сапега: "100 кубкаў яблычнай гарбаты"— цудоўная кніга, напоўненая нашым гумарам. З яе бачна, што нават з так званым бамондам, з людзьмі мастацтва  таксама здараюцца розныя анекдатычныя казусы. Да таго ж, на маю думку, тату вельмі ўдаецца жанр маленькага апавядання. Раю пачытаць усім!"

"Мяне вельмі прываблівае жанр кнігі: непапсова!", — далучаецца да размовы сяброўка Алісы Сапега, музыказнаўца Вераніка Колакалава. — "Магу сказаць, што Князь музыкі, а зараз і слова, Аляксандр Мікалаевіч, настолькі жыва ўсё апісвае, што калі чытаеш, нібыта сам апынаешся ў гэтых сітуацыях".







Косця Гарачы

Піаніст Apple Tea Косця Гарачы ўпэўнены: "100 кубкаў яблычнай гарбаты" хутка стане камерцыйным праектам:

"Я нават магу нагадаць Аляксандру яшчэ шэраг вельмі цікавых гісторый з маім удзелам! Хутка музыканты пачнуць плаціць грошы, каб трапіць на старонкі кнігі Сапегі, — смяецца Косця. —  Усе гэтыя гісторыі — частка нашага жыцця. Нават калі некаторыя з апавяданняў у маёй памяці засталіся ў крыху іншай версіі".


Ігар Сацэвіч

Мастачка Ніка Сандрас распавяла Еўрарадыё, што ў будучым і сама збіраецца выпусціць зборнік мемуараў:



Ніка Сандрас: "Так шмат цікавых людзей вакол, пра ўсіх хочацца распавесці! Таму я вельмі разумею Аляксандра: я і сама ўвесь час спрабую "сінхранізаваць" жыццё маіх сяброў, нешта за імі запісваю, здымаю і захоўваю фота і відэа. Малайчына Сапега! Ура!"





Павіншаваць з прэзентацыяй кнігі свайго калегі па Парнаце прыйшоў мастак Рыгор Сітніца.

Рыгор Сітніца: "Тое, што я пачуў тут сёння ў кантэксце нашай нонканфармістцкай культуры — гэта вельмі хораша. За адным выключэннем: прозвішча Сапега вымагае пісаць па-беларуску. З гэтым прозвішчам пісаўся нават Статут Вялікага Княства Літоўскага. Думаю, Аляксандр зробіць пэўныя высновы".





Тым часам Аляксандр Сапега чытаў асобныя апавяданні са "100 кубкаў яблычнай гарбаты" гасцям у кнігарні і дзяліўся ўражаннямі:




"Я задаволены прэзентацыяй.  Усе гэтыя людзі, якія прыйшлі сёння падтрымаць мяне — мае сябры, родныя... Гэта мяне вельмі супакоіла. Да таго ж, мне вельмі прыемна, што гэта прэзентацыя адбылася ў галерэі "Ў". Я абавязкова буду прыходзіць сюды пачытаць кнігі за кубкам кавы. Ці будзе працяг у кнігі — пакажа час, — кажа Аляксандр. — На вялікую літаратуру я не замахваюся, але, калі спадабаецца, буду працягваць пісаць вясёлыя гісторыя з жыцця музыкантаў".

"100 кубкаў яблычнай гарбаты" Аляксандр Сапега прысвяціў сваёй жонцы Жане Сапега.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі