Хлопец з Ганцавічаў, якога каленам прыціснуў даішнік: Ад яго такога не чакаў

Хлопец з Ганцавічаў, якога каленам прыціснуў даішнік: Ад яго такога не чакаў

Віталь Цыбулька — хлопец, шыю якога падчас брутальных затрыманняў у Ганцавічах 20 чэрвеня даішнік прыціснуў каленам да асфальту. Кадр гэты абляцеў усе сацсеткі і СМІ, бо такім жа метадам амерыканскі паліцэйскі затрымаў цемнаскурага Джорджа Флойда, пасля таго той памёр, а ў краіне пачаліся масавыя беспарадкі.

У размове з "Першым рэгіёнам" Віталь прызнаўся, што не трымае зла на супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча, але руку яму не падасць.

"На відэа бачна, што я нікога не хапаў за вопратку. Мяне проста скруцілі і прыціснулі да зямлі. Памятаю, што ўціснулі ў тратуарную плітку тры міліцыянты. Ігар Вольніч, які прыціснушў мне шыю каленам, быў чацвёртым... Я працаваў у ЖКГ разам з бацькам гэтага супрацоўніка ДАІ. Ігара Вольніча ведаю асабіста. Я ад яго такога не чакаў. Зла на яго не трымаю, але і руку не падам".

Па словах хлопца, на месца затрыманняў людзей, якія стаялі ў "Ланцугу салідарнасці", ён разам з жонкай патрапіў выпадкова. Праязджаючы міма ўбачыў, як затрымліваюць людзей і спыніўся даведацца, што да чаго.

"Я нават ніколі ў жыцці не падумаў бы, што будзе нешта такое, што адбылося", — кажа Віталь. Яго скруцілі ў момант, калі ён запытаўся ў міліцыянераў, за што затрымліваюць людзей.

На судзе яго абвінавацілі, што ён выкручваўся і супраціўляўся:

"Але як па іншаму, калі і супраціўляўся, мне не адказалі на пытанне "за што мяне затрымліваюць?" — здзіўляецца хлопец. Яму прысудзілі чатыры базавыя:

"Звяртацца далей некуды не бачу сэнсу. Калі б быў незалежны суд, то пайшоў бы. А так лічу, што без толку ўсё", — кажа Віталь. Родная сястра хлопца жыве ў Польшчы.

"Яна ўбачыла відэа майго затрымання, пазнала мяне. Бацькі тут нават былі не ў курсе майго затрымання, а яна там ужо ведала пра ўсё і патэлефанавала ў Беларусь да нас у Ганцавічы... Пасля суда вельмі хацелася піць. Я заехаў у краму "Хвілінка" купіць мінералкі. Прадаўшчыца ўбачыўшы мяне сказала: "О-о-о, цябе ўжо выпусцілі?" Я сам быў у шоку, таму што яшчэ не ведаў ні пра відэа, ні пра такую агалоску падзей".

20 чэрвеня ў Ганцавічах было затрымана каля 20 чалавек, сярод іх — журналісты незалежнага выдання "Ганцавічскі час". У пастарунку яны былі збітыя. Адзін з іх — Сяргей Багроў — арыштаваны на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыі. На акцыі салідарнасці журналісты проста выконвалі сваю працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі