"Хімія" за мітынг і 5 гадоў калоніі за паведамленні: гісторыя братоў-бунтароў

Ілья Дубскі / Еўрарадыё
Ілья Дубскі / Еўрарадыё

Маладафронтаўца Арцёма Дубскага ў 2008 годзе пасадзілі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Крыху пазней яго абвінавацілі ў "арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", далі два гады "хіміі". За ўхіленне ад адбыцця пакарання хлопец апынуўся ў магілёўскай папраўчай калоніі.

— Я быў малады. Паехаў абараняць свае правы і лічу, што я іх абараніў. Тады, як мне здаецца, яны [сілавікі. — Еўрарадыё] выбралі з некалькіх тысяч удзельнікаў самых маладых і вырашылі паказаць карцінку, маўляў, глядзіце, там ніякія не прадпрымальнікі, якіх гэты дэкрэт датычыцца, а, як звычайна, "п'яныя адмарозкі", — расказвае Еўрарадыё Арцём. — Увогуле кажучы, тыя тэрміны, якія даюць людзям цяпер, несувымерна большыя за здзейсненыя правіннасці. За тыя падзеі па цяперашняй шкале нам гадоў дзесяць павінны былі даць.

“Химия” за митинг и 5 лет колонии за сообщения: история братьев-бунтарей
Арцём Дубскі ў 2009 годзе і цяпер / Еўрарадыё

У калоніі Арцём назіраў прысутнасць неаднароднага кантынгенту — ад дробных махляроў і наркаманаў да дырэктараў прадпрыемстваў. Але галоўная праблема ў зняволеных, па словах мужчыны, не ў высвятленні ўзаемаадносін і нават не ва ўмовах утрымання, а ў адсутнасці сувязі з "вялікай зямлёй".

— У той жа Расіі ёсць якія-ніякія "левыя" мабільныя тэлефоны, ёсць відэасувязь. Калі з табой штосьці здараецца, то ты можаш пра гэта паведаміць. У нас жа гэта глухая сцяна. У беларускай турме мабільнік гэта дзіва дзіўнае, — расказвае Дубскі-старэйшы. — Каб апублікаваць нейкую інфармацыю, ты альбо "падаеш" на галадоўку, і да цябе пасля гэтага прыязджае адвакат, альбо паведамленне, няхай нават вусна, перадае хтосьці з вызваленых. Калі з табой нешта здараецца — праблемы са здароўем, складаныя адносіны з сукамернікамі і гэтак далей, — то гэта, як правіла, далёка не выйдзе. Тая інфармацыя, якую мы атрымліваем пра зняволеных са СМІ і ад сваякоў, — толькі малая частка таго, што на самай справе адбываецца.

Пасля вызвалення ў траўні 2010 года Арцём прыняў рашэнне выехаць ва Украіну. Адтуль, атрымаўшы візу, пераехаў у Польшчу, дзе жыве і да гэтага дня. Сэнсу заставацца ў Беларусі палітычна актыўны малады чалавек не бачыў.

— Не тое каб рукі апусціліся. Проста я зразумеў, што ў тых абставінах мы нічога не зменім, — успамінае мужчына.

“Химия” за митинг и 5 лет колонии за сообщения: история братьев-бунтарей
Пасля вызвалення ў траўні 2010-га / belapan.com

Брат-2

Малодшы брат Арцёма Ілья Дубскі працаваў у Расіі, там яго "кінулі" на грошы. У 2020 годзе з дапамогай Дубскага-старэйшага маладога чалавека праўдамі-няпраўдамі ўдалося вярнуць дадому.

Ілья жыў разам з бацькамі ў Асіповічах. Быў судзімы "за закладкі" па артыкуле 328.

“Химия” за митинг и 5 лет колонии за сообщения: история братьев-бунтарей
Ілья Дубскі / Еўрарадыё

— Гісторыя простая да агіднасці: малады дурны хлопец вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі "закладчыка". Гэта ні ў якім разе яго не апраўдвае, свой тэрмін ён адседзеў, — кажа старэйшы брат. У пратэстах, па словах Арцёма, Ілья не ўдзельнічаў. Але 13 сутак "адміністрацыйкі" ў лістападзе 2020-га ён атрымаў.

— Цяпер вось Ілья трапіў "па палітыцы", — працягвае Арцём. — Атрымліваецца своеасаблівая змяняльнасць пакаленняў.

Ён, можа, і рады быў бы паўдзельнічаць [у пратэстах. — Еўрарадыё] ў сілу сваёй маладосці, гарачасці, максімалізму і пачуцця абвостранай справядлівасці — усё, як гэта бывае ў дваццаць з невялікім гадоў. Але ў нас вельмі строгі бацька. І ён заўсёды стрымліваў брата ад такіх учынкаў

Ён просты нармальны хлопец з правінцыйнага гарадка. Так, быў момант, спатыкнуўся. Але ніхто чамусьці не кажа, што ён ездзіў на заробкі і дапамагаў грашыма малодшым братам, якім на той момант было па сем-восем гадоў. Ніхто не згадвае, што ён усімі сіламі хоча дапамагчы сям'і.

У сакавіку 2021 года Ілью затрымалі па артыкулах 130 ("Распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы") і 359 ("Акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча"). Судзілі яго за пагрозу гвалту ў дачыненні да сілавікоў і распальванне варажнечы. Паводле расказу сваякоў, абвінавачвалі хлопца ў тым, што ён "пісаў нейкія паведамленні ў тэлеграм-чат, заклікаў людзей выходзіць на вуліцы" і "даслаў нейкаму чалавеку ў пагонах аўдыяпаведамленне, што той "такі-сякі". Ні падпалаў, ні забойстваў — выкарыстанне месенджара для маладога чалавека абярнулася пяццю гадамі калоніі.
 

"Нават два месяцы за такое шмат"

“Химия” за митинг и 5 лет колонии за сообщения: история братьев-бунтарей
Ілья Дубскі / Еўрарадыё

— Ён усё занадта адкрыта казаў. Не было ў яго настаўнікаў, якія маглі б навучыць яго абстрактна выказвацца. Ён мог сказаць тое, што думаў. Адсюль крымінальная справа і вырасла, — кажа Дубскі-старэйшы. — Але гэта ж абсурд. З цяжкасцю можна ўявіць, каб ён заняўся "тэрарызмам" — пайшоў падпальваць райвыканкам, рэзаць міліцыянераў ці яшчэ што-небудзь.

У Польшчы на такія размовы, хутчэй за ўсё, ніхто б нават не адрэагаваў. Які б бардак цяпер ні быў ва Украіне, але свабоды слова там значна больш — кажы ўсё што хочаш. А ў Беларусі ўлады з іх абвостранай бояззю страціць тое, што ў іх ёсць, "дзьмуць на халоднае". Даваць "пяцёрку" за словы — мне нават у галаву такое не можа прыйсці. Нават два месяцы за такое шмат. Калі б мяне спыталі, якое пакаранне ты выбіраеш для Ільі, я б адказаў "адлупцаваць розгамі". І не для таго, каб ён у будучыні такога не казаў. Выказваць свае думкі — не злачынства. Адлупцаваць толькі для таго, каб ён падбіраў словы.

Тут размова не толькі пра Ілью. У нас такіх людзей велізарная колькасць. Трэба тлумачыць, што найвышэйшы пілатаж — гэта калі ты даносіш сваю думку, нікога пры гэтым не абражаючы, і ўсе ўсё пры гэтым разумеюць. І пасадзіць цябе за гэта не могуць.

 

"Галоўнае, каб выйшаў здаровы"

— Стан у Ільі прыгнечаны. Натуральна, ён не разлічваў на тое, што яму дадуць такі вялікі тэрмін. Схуднеў, хоча дадому, — расказвае Еўрарадыё сястра Ільі Надзея.

— З прысудам ён не згодны, будзе падаваць касацыйную скаргу. Але тут без ілюзіяў. Цяжка верыць, што адменяць ці зробяць тэрмін меншым. Проста таму, што гэта выбілася б з трэнду: навошта нейкаму суддзі падстаўляць сваю кар'еру, калі ёсць палітыка "давай кляпай", — перакананы Дубскі-старэйшы.

“Химия” за митинг и 5 лет колонии за сообщения: история братьев-бунтарей
Ілья Дубскі / Еўрарадыё

Дома Ілью вельмі чакаюць. Арцём у лістах брату просіць яго не падаць духам і не хварэць.

— Трэба, каб ён пастараўся выйсці чалавекам, пастараўся захаваць фізічнае і псіхічнае здароўе. Вы нават не ўяўляеце, наколькі складана не страціць здароўе ў такіх месцах, асабліва людзям ва ўзросце і тым, хто "заязджае" на працяглы тэрмін.

Калі ён вызваліцца, я паспрабую быць побач, паспрабую дапамагчы яму не азлобіцца на гэты свет. Вазьму за руку і растлумачу, што свет не чорны, а яркі. Проста не пашанцавала, вакол цябе тады былі дрэнныя людзі. Але гэта не значыць, што іншыя будуць дакладна такія самыя.

Асобна велізарную падзяку Арцём Дубскі выказвае людзям, якія дапамаглі сабраць перадачы і аплаціць адваката для Ільі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі