Хілары Клінтан і Кэтрын Эштан прынялі заяву па Беларусі

Сёння дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і Высокі прадстаўнік Еўрасаюза Кэтрын Эштан прынялі супольную заяву наконт сітуацыі пасля выбараў у Беларусі. У заяве, тэкст якой ужо з'явіўся на сайце амбасады ЗША ў Беларусі, гаворыцца, што ЗША і Еўрасаюз ізноў заклікаюць да неадкладнага вызвалення ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты і больш за 600 затрыманых дэманстрантаў.

"І выбары, і падзеі, што адбыліся пасля іх, з'яўляюцца крокам назад у развіцці дэмакратычнага кіравання і павагі правоў чалавека ў Беларусі, што выклікае шкадаванне", адзначаецца ў заяве.

ЕС і ЗША адзначаюць сур'ёзныя праблемы ў выбарчым працэсе і падліку галасоў, што было адлюстравана ў справаздачы місіі назіральнікаў ад АБСЕ. У сувязі з гэтым урад Беларусі настойліва заклікаюць да выканання прынятых абавязальніцтваў у межах АБСЕ па рэфармаванні выбарчага працэсу.

"Таксама неабходна рабіць крокі па забеспячэнні поля дзейнасці для палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў".

У заяве адкрыта пазначана, што без значнага прагрэсу ў галінах павагі дэмакратыі і правоў чалавека паляпшэння адносінаў Беларусі са Злучанымі Штатамі Амерыкі і Еўрапейскім Саюзам не адбудзецца.

"Менавіта ў такім кантэксце мы будзем ацэньваць дзеянні ўраду Беларусі па вырашэнні сітуацыі, што склалася, і браць пад увагу развіццё падзеяў пры разглядзе нашых адносінаў з Беларуссю", — адзначаецца ў заяве Клінтан і Эштан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі