HELLOWEEN: Мы б прывязалі людзей да сядзенняў

30 траўня ў КЗ “Мінск” адбудзецца металічнае Hellish Rock-шоў, падчас якога выступяць знакамітыя нямецкія гурты HELLOWEEN і GAMMA RAY. Напярэдадні канцэрту музычны часопіс HitKiller пагутарыў з лідарам HELLOWEEN Міхаэлем Вайкатам. Музыка з энтузіязмам успрыняў навіну пра тое, што канцэрт HELLOWEEN у Мінску адбудзецца ў сядзячай зале. Маўляў, нарэшце хоць нехта паспрабуе менавіта паслухаць музыку металістаў. А дзеля вастрыні пачуццяў Вайкат прывязаў бы гледачоў рамянямі да крэслаў.

"Я б яшчэ дадаткова прывязаў народ рамянямі да сядзенняў, каб было ўвогуле без варыянтаў! (Смяецца.) Не, мне сур'ёзна падабаецца ідэя спакойных “сядзячых” канцэртаў: можа, хто-небудзь нарэшце паспрабуе паслухаць музыку?.. Цудоўна, што ў Мінску ў нас будзе гэты шанец".

Па словах Вайката, у музыкаў было досыць сядзячых канцэртаў: напрыклад, аднойчы ў Аргенціне ім давялося граць у маленькім гарадку, дзе зроду не было рок-канцэртаў. І дзве з паловай тысячы чалавек, якія прыйшлі на выступ HELLOWEEN, не мелі паняцця, што трэба рабіць у такіх выпадках. Музыкам увесь час даводзілася падказваць публіцы яе наступны крок. У Мінску HELLOWEEN прадставяць сваю апошнюю пласцінку Straight Out Of Hell.

Фота: www.gdefon.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі