Hasta la fillsta вяртаецца на сцэну адразу з чатырма вядомымі вакалістамі

Легендарны беларускі альтэрнатыўны гурт Hasta la fillsta адраджаецца і вяртаецца на сцэну. Зміцер Харытановіч, бубнач гурта, распавёў Еўрарадыё, што вяртацца было вырашана не зусім традыцыйным спосабам.
Зміцер Харытановіч: “Зараз атрымалася так, што мы ўсе аб’ядналіся зноў, ды і павызваляліся ад пэўных абавязкаў. Мы вырашылі для кожнай песні запрасіць па вакалісту. Будзе, безумоўна, і нейкі канцэртны склад, аднак пра гэта пакуль рана яшчэ казаць”.

5 песень і 4 вакалісты: Аляксандр Памідораў, Саша Ракавец, Маша Яр ды Вольга Самусік ужо запісалі на студыі свае партыі. Зараз песні канчаткова апрацоўваюцца і напрыканцы снежня будуць выкладзеныя інтэрнэт-рэлізам на афіцыйным сайце гурта:

Зміцер Харытановіч:
“Мы зараз працуем паралельна над абнаўленнем нашага старога афіцыйнага сайту www.hastalafillsta.com, які ўвесь гэты час фактычна існаваў сам па сабе. І недзе напачатку снежня мы выкладзем на гэтай старонцы ЕР для бясплатнай запампоўкі. Зробім гэткі калядны падарунак усім меламанам”.