Харчаванне службовых сабак каштуе дзяржаве даражэй за школьныя абеды

Штодзённае харчаванне службовага сабакі абыходзіцца дзяржаве ў 2370 беларускіх рублёў. Малодшага школьніка кормяць усяго на 1750 рублёў. Для дзіцяці ў яслях гэтая сума складае 2260 рублёў. А на дзіцё, якое хварэе ў лякарні, дзяржава выдаткоўвае крыху больш, чым 5 тысяч у дзень.
Па словах начальніка кіналагічнай службы Дзяржпамежкамітэту Уладзіміра Ворніка, у суткі службовы сабака павінен з’есці 400 г. мяса, 600 г. крупы, 300 г. гародніны. Такі рацыён чацвераногага сябра абыходзіцца кінолагам у 2370 рублёў, але гэтых грошай недастаткова:

“Спецыялісты, якія трымаюць сабак у сваіх дамах, узамен прадуктаў атрымліваюць грашовую кампенсацыю – 2370 рублёў у суткі. Раз у месяц атрымліваюць гэтыя грошы і самастойна іх кормяць. Ну, канешне, гэтая сумма – 2300 рублёў — не зусім дастатковая, каб задаволіць цалкам фізіялагічныя патрэбы сабакі. Хутчэй за ўсё яны дадаюць са сваіх заробкаў”.

Кармленне сабак, па словах начальніка кіналагічнай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту, адбываецца на аснове нормаў, зацверджаных Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь. Нормамі кіруюцца і выхавацелькі ў дзіцячых садках, кажа супрацоўніца ўпраўлення адукацыі Маскоўскага раёну. Але там яны, на жаль, ніжэйшыя, чым для службовых сабак:

“З 1 студзеня гэтага году ўведзеныя новыя грашовыя нормы выдаткаў на харчаванне. Для дзіцяці з году да трох, якое знаходзіцца ў садку 12 гадзінаў, гэтая сума складае 2260 рублёў”.

Дзеці ад трох да шасці гадоў харчуюцца на крыху большую суму – 2530 рублёў. На іх аднагодкаў, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах, дзяржава штодзённа выдаткоўвае 4390. Паводле нормаў, у дзень дзіця ясельнай групы павінна спажываць 47 грамаў мяса, 500 – малака і кісламалочнай прадукцыі, 20 грамаў яйка.

Дзеці ў садку харчуюцца 4 разы на дзень. У сняданак уваходзіць каша альбо страва з гародніны, кава, гарбата ці малако. Абед складаецца з салаты, мясной альбо рыбнай стравы, гарніру і трэцяй стравы. Поўднік – гэта піццё, булачка ці печыва. На вячэру дзеці ядуць гародніну, тварог, кашу і малако-кефір, распавялі Еўрарадыё ва ўпраўленні адукацыі Маскоўскага раёну.

Што тычыцца школьнікаў, то тут бясплатнае харчаванне атрымліваюць толькі малодшыя класы. Дый тое – толькі сняданкі на суму 1750 рублёў, расказвае супрацоўніца ўпраўлення адукацыі Кастрычніцкага раёну:

“Першыя класы атрымліваюць бясплатныя абеды, 2-4-я класы атрымліваюць экспрэс-сняданкі — гэта 5% ад базавай”.

У сталічнай школе №54 ёсць толькі старэйшыя класы. Таму і харчаванне там платнае. Толькі дзеці з малазабяспечаных сем’яў харчуюцца за кошт дзяржавы, распавяла загадчыца вытворчасці Ніна Чараповіч:

“У нас за кошт школы нічога няма, толькі дзеці з малазабяспечаных сем’яў... Іх не вельмі шмат. Ім выдзяляе грошы дзяржава, і яны за яе кошт ядуць. Тут у залежнасці ад катэгорыяў. Напрыклад, 6-10 год – 2900 у дзень, 11-13 год – 3300, 14-17 – на суму 3500. Гэта бясплатнае харчаванне, грошы на якое выдзяляе дзяржава”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі