Хакеры скралі з мабільнага 44 мільёны рублёў

Уладальнікі мабільнікаў у Беларусі рызыкуюць стаць ахвярамі хакераў і згубіць усе свае грошы. Нядаўна, адзін з карыстальнікаў сотавай сувязі быў непрыемна здзіўлены — высветлілася, што нагаварыў ён ажно на 44 мільёны рублёў.

За гэтыя грошы на звычайным тарыфным плане аднаго з лідэраў мабільнай сувязі нашай краіны вы маглі б без перапынку размаўляць з любой еўрапейскай краінай цэлых 17 сутак, або 9,5 сутак з любой самай далёкай краінай апроч Еўропы і краін СНД.

"Еўрапейскае радыё" зацікавіла, з кім так доўга мог гаварыць шэраговы беларускі ўладальнік мабільнага.

Высветлілася, што гаварыў зусім не ён, а знікненне грошай, па словах старшага рэферэнта прэс-службы Упраўлення ваеннай контрразведкі КДБ Руслана Побаля, напрамую звязана з папулярнай сёння магчымасцю мець на адной сімцы некалькіх аператараў.

“Для таго, каб займець гэтую карту, неабходна адсканаваць сім-карты аператараў, гэта значыць яны скануюцца, і сакрэтная інфармацыя закачваецца на silver-карту.

У гэтай сітуацыі з чалавекам адбылося наступнае: у праграме, якая скануе картку быў закладзены вірус. Гэты вірус актывізуецца, калі чалавек выязджае за мяжу і падключае паслугу “міжнародны роўмінг”.

Адпаведна, нумарам тэлефона гэтага чалавека, калі ён выехаў на Украіну, скарысталіся зусім чужыя людзі (верагодней, праз блю-туз) — і хутчэй за ўсё, распрацоўшчыкі праграмы, пры дапамозе якой сканаваліся карткі”.

Мы паспрабавалі разабрацца, што гэта за паслуга такая, з-за якой знікаюць такія грошы. У інтэрнеце, як высветлілася дастаткова інфармацыі, каб зрабіць такую мульці сільверкарту нават у сябе дома.

Працэс кланавання займае не шмат часу. Вам неабходны праграматар, які разам з дыскам і спецыяльнымі формамі пад новыя карткі можна купіць не больш чым за 80 долараў.

Пры яго дапамозе карткі скануюцца і з іх выцягваецца два сакрэтныя коды Кі і IMSI, што з’яўляюцца ўнікальнымі для кожнага карыстальніка. Затым атрыманая інфармацыя запісваецца на балванкі і вы маеце адну картку з некалькімі аператарамі.

Але, калі вы робіце гэта не самастойна, то небяспека, па словах спецыяліста аднаго з найбуйнейшых сотавых аператараў Антона Цыбульскага, існуе, нават нягледзячы на вірусы.

“Калі чалавек, які зрабіў вам клон картак, — не зусім добрасумленны, то ён можа захаваць у сябе вобраз гэтай карткі ды запісаць яго на балванку для сваіх патрэбаў.

Потым ён можа карыстацца ёй, але толькі ў тых выпадках, калі чалавек, з карткі якога быў зроблены вобраз, на дадзены момант не зарэгістраваны ў сетцы, г.зн. у яго выключаны тэлефон або ён знаходзіцца ў роўмінгу, адпаведна ў сетцы іншага аператара.

У такім выпадку можна тэлефанаваць за кошт гэтага чалавека. Сім-карту можна адсканаваць толькі маючы яе на руках, тобіш усе неабходныя дадзеныя немагчыма перахапіць па радыёканалах”.

Дарэчы, паслуга кланавання картак абсалютна даступная: яна не забароненая, але і не дазволеная. На рынку ці па аб’яве сільверкарту зробяць за 10-20 долараў.

І ўжо вам вырашаць, як зручней: мець трох GSM-аператараў у адным тэлефоне і лёгка пераключацца паміж імі або мець тры тэлефоны для кожнага з іх. Вядома, першы варыянт зручней, але часам за яго даводзіцца нямала плаціць.