Hа мюзікл "Прарок" павядуць заводы

Артыстам мюзікла “Прарок” цяпер нельга ўжываць нават піва за пяць дзён да спектакля. За парушэнне ім пагражае скасаванне кантракту. Такую меру ўводзіць прадзюсар мюзікла Вадзім Таўпянец, бо яму надакучылі алкагольныя праблемы. Вадзім Таўпянец: “Я зараз уводжу допінг-кантроль. То бок забаронена людзям за пяць дзён ужываць нават піва. Ці людзі хочуць працаваць добра і стаць зоркамі сусветнага ўзроўню (а патэнцыял ёсць – мы бачым 15 чалавек, якія стануць зоркамі), ці не”.

Праблема алкаголю ўсё ж такі не самая вострая для мюзікла. Вакол яго багата размоў, што пастаноўка правальная. Па-першае, таму што ў яе ўкладзеныя занадта вялікія грошы і яна ніколі не акупіцца. Па-другое, таму што яна патрабуе адмысловай пляцоўкі, якіх мала. Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці маюць падставы такія чуткі.

Бюджэт “Прарока” складае пяць мільёнаў долараў. Гэта і зразумела, бо ў мюзікле занятыя каля 50 акцёраў, танцораў і гімнастаў. Адных касцюмаў для іх сшыта каля 140 штук. Дый падрыхтоўка, заняткі з артыстамі ішлі не тры месяцы, як гэта было запланавана, а паўгода.

Вадзім Таўпянец: “У пачатку, калі я падпісваў кантракты, была дамоўленасць, што рэпетыцыйны перыяд у нас тры месяцы, пасля гэтага – спектакль. Калі пачалі рэпетаваць, аказалася, што 80 % артыстаў не падрыхтаваныя для таго, каб выпусціць іх на сцэну. І я дадаў яшчэ тры месяцы. Месяц яны прасядзелі ў Польшчы, вучыліся спяваць там. Гэта ж усё грошы. Замест трох я шэсць месяцаў плаціў ім заробак. Плюс мы забяспечвалі ўсіх іншагародніх жыллём. Пасля шасці месяцаў, калі ўсе былі падрыхтаваныя, мы правялі першы мюзікл. За яго я заплаціў усім згодна з кантрактам, нягледзячы на тое, што ў мяне была страта 124 мільёны рублёў. Гэта таму, што мы вымушаныя былі зняць залу Палаца спорту на некалькі дзён, каб адрэпетаваць з дэкарацыямі”.

Дарэчы, па словах прадзюсара, арэнда залы Мінскага футбольнага манежу, дзе “Прарок” пакажуць пяць разоў, каштуе даражэй за арэнду залы найбуйнейшага піцерскага лядовага палацу.

Вадзім Таўпянец: “14 тысяч долараў у дзень цяпер просяць з нас за арэнду. У нас у Пецярбургу сцэна самага буйнога лядовага палаца (16 тысяч месцаў, а не 5) будзе каштаваць 12 тысяч долараў у дзень”.

Аляксандр Ціхановіч, які грае ў “Прароку” старога, кажа, што беларускаму гледачу хапіла б аднаго мюзікла ў футбольным манежы, а пяць – гэта зашмат.

Аляксандр Ціхановіч: “Мінск перапоўнены гастралёрамі. У Мінску нельга было рабіць столькі спектакляў. Я думаю, што ў Мінскім футбольным манежы дастаткова было б зрабіць два спектаклі, як найбольш – тры. А ўвогуле я б рабіў адзін”.

На тое, што гэтыя грошы вернуцца праз канцэрты ў Мінску, Вадзім Таўпянец не спадзяваўся і не спадзяецца. Аказваецца, беларускія канцэрты – гэта трэніроўка для артыстаў.

Вадзім Таўпянец: “Пра тое, каб кампенсаваць, я думаю, гаварыць будзем няхутка. Вось мы робім цяпер пяць спектакляў. У прынцыпе, я раблю іх толькі дзеля дзяцей (я так называю акцёраў). Толькі дзеля таго, каб яны трошкі ўзмужнелі, бо гэта сур’ёзная і складаная пляцоўка, сур’ёзны глядач”.

Зміцер Вайцюшкевіч распавёў нам, што ён на беларускай сцэне так і не выступіць. Ён едзе на “Бардаўскую восень” у Польшчу.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Зараз мне прыйшлося выбраць “Бардаўскую восень”, бо гэта было дамоўлена раней. Можа, гэта і не такія вялікія грошы, як гэта планавалася ў “Прароку”, але ўсё ж такі я лічу, што, калі дамоўлена, адмаўляць нельга. Мне б вельмі хацелася сыграць у “Прароку” і сказаць нешта сваё, але пакуль што я чакаю магчымасці”.

Колькі атрымлівае артыст – вялікая тайна, якую ніхто не раскрывае. Але тое, што грошы шчодрыя, сцвярджаюць усе.

“Мы працуем па расійскіх расцэнках”, - кажа Вадзім Таўпянец.

Вадзім Таўпянец: “Ганарарная частка ў мяне вельмі высокая для артыстаў. Для параўнання, Пасталенка за выступ і Дольнікава з Масквы каштуюць па ганарарах столькі ж, колькі нашыя салісты з Беларусі. Я ім паставіў добрую ганарарную гісторыю і даў гарантыю на 90 паказаў у год. Зыходзячы з гэтага гадавы прыбытак кожнага артыста вельмі добры. Гэта расійскія расцэнкі. Заслужаны артыст Расіі Коля Дуксін, які граў старога, атрымлівае столькі ж, як беларус Кравец”.

Каб артысты не сядзелі без грошай той час, калі няма спектакляў, Вадзім Таўпянец вырашыў змяніць сістэму выплат.

Вадзім Таўпянец: “Я толькі вось аб’явіў акцёрам, што буду ім цяпер плаціць стабільны заробак з тым, каб яны маглі планаваць сваё жыццё, каб у іх быў нейкі стабільны штомесячны прыбытак. А потым яны будуць за гэты заробак разлічвацца з ганарара”.

Ці паедзе “Прарок” у іншыя гарады Беларусі, пакуль канчаткова не вырашана, але, хутчэй за ўсё, паедзе. Тут зноў-такі вырашаць усё грошы ці, можа нават, адміністрацыйны рэсурс. Прадзюсар гаварыў пра тое, што ў мюзікла ёсць невядомы мецэнат.

Вадзім Таўпянец: “Мы пазіцыянуем гэты праект як беларуска-рускі. І хочам надаць яму статус дзяржаўнага праекта. Нам патрэбная такая падтрымка, цяпер ідуць перамовы. Каб везці спектакль па-за сталіцу, трэба рабіць квіткі даступнымі. Таму калі нам пойдуць на нейкія ўступкі па арэндзе, тады спектакль адбудзецца. Але нам паабяцалі, што гэта будзе”.

Хто гэты ўплывовы мецэнат, можна толькі здагадвацца. Але на прэм’еры мюзікла свае захапленні ўбачаным на сцэне вельмі эмацыйна выказаў галоўны ідэолаг краіны Алег Праляскоўскі.

Прадзюсар цікава адказаў на пытанне Еўрарадыё, як ён ацэньвае тое, што дагэтуль у касах горада ёсць квіткі на “Прарок” па ўсіх коштах і няма ажыятажу.

Вадзім Таўпянец: “Будуць прыцягнутыя яшчэ прадпрыемствы. І таму як мінімум тры спектаклі будуць закрытыя, па безналу прададзеныя”.

Так што, супрацоўнікі МТЗ і МАЗу, рыхтуйцеся ісці на “Прарок”.

Фота — www.pro-rok.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі