ГУУС: Пры абразе міліцыянта не важна, ці адпавядала заўвага рэчаіснасці

ГУУС: Пры абразе міліцыянта не важна, ці адпавядала заўвага рэчаіснасці

ГУУС Мінгарвыканкама выступіла з заявай наконт абразы прадстаўнікоў улады. Па словах міліцыянтаў, апошнім часам у інтэрнэце стала часта з'яўляцца інфармацыя, "накіраваная на дыскрэдытацыю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў". Наконт яе прававой ацэнкі выказаўся намеснік начальніка ГУУС — начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння палкоўнік міліцыі Дзмітрый Грачыха.

Па яго словах, у Крымінальным кодэксе ёсць адмысловы артыкул 369 "Абраза прадстаўніка ўлады". 

"Для кваліфікацыі дзеяння па гэтым артыкуле не мае значэння, наконт якіх асабістых якасцяў або паводніцкіх актаў прадстаўніка ўлады вінаваты выказаў сваю адмоўную ацэнку і ці адпавядала яна рэчаіснасці. Вызначальным з'яўляецца тое, што гэтая ацэнка выказаная ў непрыстойнай форме: цынічным, грубым спосабам, які не адпавядае прынятым у грамадстве нормам зносін людзей", — тлумачыць Грачыха. 

Размяшчэнне такіх абразаў у інтэрнэце азначае, што яны робяцца публічна: іх могуць пабачыць пабочныя асобы. Тым, хто не стрымліваецца ў сваіх выказваннях і каментарах на інтэрнэт-абшарах, міліцыянт нагадвае, што фраза, адрасаваная аднаму чалавеку ў пэўнай сітуацыі, можа абразіць адразу некалькіх прадстаўнікоў улады.

Крымінальны пераслед паводле артыкула 369 КК вядзецца ў публічным парадку. Нагодамі да пачатку крымінальнай справы могуць быць:

— заявы грамадзян;

— яўка з павіннай;

— паведамленне службовых асоб дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, паведамленне аб злачынстве ў сродках масавай інфармацыі;

— непасрэднае выяўленне органам крымінальнага пераследу звестак, якія ўказваюць на прыкметы злачынства.

Разам з тым, абраза супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў, учыненая не публічна, цягне за сабой толькі адміністрацыйную адказнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі