Вы тут

Гуманітарныя навукі ў школе па-беларуску? Падручнікаў хопіць, школы — не супраць

Фота: zmescience.com

Па-беларуску трэба выкладаць усе гуманітарныя прадметы ў школе, такую нечаканую прапанову айчыннай адукацыі на з’ездзе навукоўцаў робіць дэпутат, старшыня камісіі па адукацыі культуры і навуцы Ігар Марзалюк. Адзіная праблема — настаўнікі, якіх трэба навучыць роднай мове.

“Я лічу, што правільна было б, каб ва ўсіх школах гуманітарны блок выкладаўся па-беларуску”, — распавядае дэпутат Ігар Марзалюк на з’ездзе навукоўцаў.

У Мінадукацыі ініцыятыву дэпутата пакуль падтрымаць цалкам не гатовыя, але па-беларуску хутка пачнуць выкладаць у школах гісторыю Беларусі.

“Сёння многія настаўнікі ўжо выкладаюць гісторыю на роднай мове. Пакуль яшчэ складана казаць, калі канкрэтна гэта будзе. Сусветная гісторыя будзе па-руску. Пра іншыя прадметы пакуль не думалі”, — адказваюць на ініцыятыву Ігара Марзалюка ў Мінадукацыі.

А вось падручнікаў, каб зрабіць на роднай мове ўсе школьныя гуманітарныя прадметы, хопіць. У Інстытуце адукацыі запэўніваюць: калі будзе замова, іх надрукуюць і ўсё.

У гімназіях і школах, куды звярнулася Еўрарадыё, праблемы з выкладаннем па-беларуску не бачаць. Але выступаюць за тое, каб усё ж спытаць у дзяцей і іх бацькоў.

“Калі вучань хоча адказваць на экзамене па-беларуску, ён адказвае, ніякай праблемы тут няма. На ўроках гісторыі мы пытаем у дзяцей, як ім зручней. Пакуль большасць абірае рускую мову выкладання”, — адказваюць у 40-й гімназіі Мінска. Але запэўніваюць, настаўнікі родную мову ведаюць добра.

Раней гісторыю Беларусі ўжо выкладалі па-беларуску, але пасля зрабілі акцэнт на мове навучання ў школе: ці то ўсё па-беларуску, ці то ўсё па-руску.

“Настаўнікі з тых часоў жа засталіся, якія ўжо вялі раней па-беларуску, таму для іх няма праблемы перайсці”, — дадаюць у 3-й сталічнай гімназіі.

Пра пераход на беларускую мову выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі казаў яшчэ былы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, але гэтыя рэформы так і не рэалізаваліся. У Мінску спецыялізаваныя беларускія класы на сёння ёсць у адзінаццаці установах адукацыі. Цалкам па-беларуску выкладаюць у пяці гімназіях і адной школе.