Губарэвіча не выключаюць, але БНФ вучыцца ад Лукашэнкі аўтарытарызму?

Лявон Баршчэўскі кажа, што выключаць Юрася Губарэвіча з партыі не будуць, але ёсць вялікія прэтэнзіі да выканання ім сваіх абавязкаў. Алесь Міхалевіч лічыць, што яго паплечнік стаў ахвярай унутрыпартыйнай барацьбы за ўладу. Сам Юрась Губарэвіч гаворыць пра “партыйныя чысткі”. А Аляксандр Мілінкевіч шкадуе, што калегі з БНФ замест таго, каб змагацца з дыктатурай, ваююць паміж сабой. 9 красавіка адбылося пасяджэнне камісіі партыйнага кантролю Партыі БНФ. Разглядалася “справа” намесніка старшыні Партыі БНФ Юрася Губарэвіча. Як стала вядома Еўрарадыё, галоўных партыйных “камісараў” Юрыя Хадыку і Галіну Сямдзянаву найперш цікавілі пытанні супрацоўніцтва іх аднапартыйца з рухам Аляксандра Мілінкевіча "За Свабоду". І нібыта нават узнікла пытанне аб выключэнні Губарэвіча з гэтай нагоды з БНФ.

Але старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў размове з Еўрарадыё абверг чуткі, што яго намесніка збіраюцца выключыць з партыі.

Лявон Баршчэўскі: “Ніхто не збіраецца яго выключаць. Проста будуць сур’ёзныя прэтэнзіі: ад чалавека запатрабавалі справаздачу, а ён спалохаўся, і пачаліся розныя спекуляцыі па сайтах і форумах. Так пытанне не стаіць, каб выключаць, я мяркую…”

Праўда, потым прызнаўся, што ў кіраўніцтва партыі ёсць вялікія прэтэнзіі да таго, як намеснік старшыні спраўляецца са сваімі абавязкамі. І правалы ў яго працы звязваюць з адначасовай працай на пасадзе намесніка Мілінкевіча.

Лявон Баршчэўскі: “За слабую працу прэтэнзіі! Ён робіць. Я не скажу, што ён сядзіць, склаўшы рукі, але ён працуе, фактычна, у іншай структуры”.

Яшчэ адзін намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч таксама не хавае сваёй прыхільнасці да Мілінкевіча і пазітыўнага стаўлення да яго руху “За свабоду”. Хоць і не займае там, у адрозненне ад свайго калегі, кіруючай пасады. Мяркуючы па ўсім, ён чарговы прэтэндэнт для “разборак” на камісіі партыйнага кантролю. Але, на яго думку, рух “За свабоду” тут абсалютна ні пры чым – у партыі ідзе нябачная барацьба за ўладу.

Алесь Міхалевіч: “Гэта звязана з унутрыпартыйнай канкурэнцыяй. Сённяшні старшыня і былы старшыня, які прайграў на з’ездзе, Вінцук Вячорка не задаволеныя наяўнасцю іншых лідэраў у нацыянальным руху. Яны б хацелі, каб усё было манапалізавана імі, каб былі толькі яны. Таму наяўнасць у партыі людзей, якія падтрымліваюць аб’яднання нацыянальнага руху, якія падтрымліваюць чалавека, які мае сёння найвышэйшы рэйтынг з усіх апазіцыйных палітыкаў, іх не задавальняе”.

З меркаваннем калегі цалкам згодны і сам “здраднік” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: “Адбываецца, насамрэч, пэўная барацьба ўнутры партыі. Вынікі гэтай барацьбы можна было назіраць падчас апошняга справаздачна-выбарчага з’езду, дзе пазіцыя Вячоркі не атрымала большасці, і быў абраны, як нам тады падавалася, альтэрнатыўны кандыдат Баршчэўскі. Але барацьба працягваецца, і гэта сітуацыя з маім супрацоўніцтвам з Мілінкевічам ёсць фармальнай падставай, каб праводзіць партыйныя чысткі і пазбаўляць уплыву ў партыі людзей, якія маюць іншую пазіцыю і іншыя погляды на развіццё сітуацыі, чым Вячорка і яго група”.

Беспадстаўнасць абвінавачванняў у свой адрас, што ён нібыта не спраўляецца з выкананнем абавязкаў, намеснік старшыні плануе даказаць на Сойме ў бліжэйшую суботу, дзе дасць справаздачу па сваёй дзейнасці. Ён пагадзіўся з папрокамі, што не ўмее працаваць у камандзе. Калі, кажа, маецца на ўвазе каманда Вячоркі.

Еўрарадыё звярнулася да лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, каб высветліць, як ён ставіцца да таго, што палітыка "прыцясняюць" паплечнікі па партыі за супрацоўніцтва з ім. Па словах “адзінага”, гэта сцверджанне наяўнасці ў партыі БНФ унутрыпартыйных разборак, якія яго вельмі засмучаюць.

Аляксандр Мілінкевіч: “У пэўным сэнсе тое, што адбываецца, гэта ўнутрыапазіцыйная барацьба. Я шкадую аб гэтым. У нас ёсць агульны вораг – дыктатура, і нельга, каб большасць высілкаў ішла на тое, каб высвятляць адносіны паміж сабой”.

Тое, што сёння адбываецца ў Партыі БНФ, намеснік старшыні Алесь Міхалевіч параўнаў з аўтарытарнымі тэндэнцыямі, якія ўсталяваў прэзідэнт Лукашэнка ў дзяржаве.

Алесь Міхалевіч: “Забарона публічнай крытыкі кіраўніцтва Партыі БНФ, гэта, фактычна, тое самае, як забарона на крытыку Беларусі і рашэнняў яе кіраўніка за межамі краіны. Ёсць палажэнне, што калі адзін сябра партыі хоча фінансава дапамагчы іншаму, ён можа гэта зрабіць толькі са згоды старшыні. А ў дзяржаве існуе ўпраўленне ў Адміністрацыі прэзідэнта, што адказвае за гуманітарную дзейнасць, дае дазвол на кожную дапамогу, якая прыходзіць з-за мяжы. Аўтарытарныя тэндэнцыі ўмацоўваюцца ў партыі і вельмі падобныя на тыя, што адбываюцца ў дзяржаве”.

Юрась Губарэвіч пагадзіўся з высновамі калегі, але выказаўся больш асцярожна.

Юрась Губарэвіч: “Мне цяжка каментаваць у сувязі з апошнімі рашэннямі наконт забароны публічнай крытыкі кіраўніцтва партыі, але насамрэч праблема існуе”.

Вось толькі старшыня партыі Лявон Баршчэўскі не бачыць у гэтым ніякай праблемы, а адну партыйную дысцыпліну.

Лявон Баршчэўскі: "Я вельмі высока ацэньваю якасці чалавечыя і спадара Губарэвіча, і іншых. У мяне няма да іх прэтэнзій як да людзей. Гэта свядомыя людзі, адданыя беларускай справе. Але ёсць беларуская справа, і ёсць партыйныя задачы. А партыйныя задачы вельмі канкрэтныя, і канкрэтныя ўчасткі працы. Калі гэта не падабаецца некаму, той павінен працаваць у іншых структурах”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі