Грошы для “Газпрома” Мінфін “пазычае” з золатавалютных запасаў

У Беларусі засталося 3 дні на тое, каб выплаціць “Газпрому” пазыку за газ. Нагадаем, што тэрмін аплаты пазыкі сканчаецца ў пятніцу 10 жніўня а 10-й. Але пра тое, дзе нашая краіна знойдзе сродкі, каб выплаціць USD 266 млн., што засталіся “вісець” на ёй з 23 ліпеня, вядома не больш, чым пра тое, адкуль былі “пазычаныя” тыя 190 мільёнаў долараў, якія “Газпром” атрымаў 3 жніўня. Па інфармацыю, адкуль узяліся грошы на першы плацеж, Еўрарадыё звярнулася ў “Белтрансгаз”, але ўцямнага адказу не атрымала. Не ведаюць там і пра тое, калі “Газпром” атрымае наступны плацеж.

Затое старшыня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч 6 жніўня паабяцаў, што “Газпром” цалкам атрымае свае грошы на гэтым тыдні. Прычым у выніку разлікаў з расійскім канцэрнам “золатавалютныя рэзервы памяншацца не будуць”. Спадар Пракаповіч адзначыў, што прынятыя ўрадам і Нацбанкам захады "дазволяць аднавіць золатавалютныя рэзервы ўжо за бліжэйшы месяц, і, па стане на 1 верасня, яны будуць не меншыя, чым былі на 1 жніўня”.

Крыху святла на тое якія такія “рэзервы” меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, абяцаючы “Газпрому” грошы, праліў прэс-сакратар Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч:

“Усе пытанні па аплаце пазыкі за газ – гэта пытанні ўрада, а не Нацыянальнага банка. Гэтым займаецца Мінфін. А золатавалютныя рэзервы фармуюцца з шматлікіх складнікаў, у тым ліку – і з Мінфіна. І Мінфін з іх у любы час можа ўзяць, а можа папоўніць”.

Такім чынам, на плацеж хутчэй пайшоў адзін са складнікаў золатавалютнага запасу Беларусі, а менавіта – той, за захоўванне і папаўненне якога адказвае Мінфін.

Тым часам, “Газпром” ужо чакае не толькі выплаты пазыкі за студзень – чэрвень 2007 года, але і грошай за ліпеньскія пастаўкі газу, якія Беларусь абяцала аплочваць па 100 долараў за 1000 кубаметраў. Па словах прэс-сакратара старшыні праўлення “Газпрома” Сяргея Купрыянава, ніякіх дадатковых тэрмінаў для плацяжоў з Беларусі не ўсталявана:

“Мы чакаем поўнага пагашэння плацяжоў да пятніцы”.

Чуткі наконт таго, што “Газпром” збіраецца павялічваць долю ўласнасці ў Беларусі, нібыта патрабуючы гарантаваць аплату пазыкі акцыямі беларускіх прадпрыемстваў, спадар Купрыянаў пракаментаваў адназначна: мы такія размовы не вядзем.

“У нас ёсць праз “Газпромнафту” доля ў Мазырскім НПЗ. Але асноўнае для нас – гэта “Белтрансгаз”.

Фота: БелТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі