Вы тут

Гродзенская пракуратура "выявіла 80 раней невядомых" пахаванняў часоў ВАВ

Масавае пахаванне ў Наваельні было выяўленае падчас будаўніцтва склада льнаэкспартнай базы / ru.wikipedia.org​

Гродзенская пракуратура дала справаздачу аб выяўленні на тэрыторыі вобласці "80 раней невядомых месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны". Падкрэсліваецца, што гэтая праца праводзіцца ў рамках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі.  

Справу распачала Генпракуратура. Ёсць здагадка, што адна з задач гэтага расследавання — стварыць базу для забароны бел-чырвона-белага сцяга.

Сярод выяўленых супрацоўнікамі гродзенскай пракуратуры "раней невядомых месцаў" — масавае пахаванне ў гарадскім пасёлку Наваельня ў Дзятлаўскім раёне. У пракуратуры сцвярджаюць, што ў гады вайны тут загінула ад 500 да 800 чалавек.

Паведамляецца таксама, што "інфармацыя аб масавых расстрэлах у Наваельні з'явілася ў ваенным камісарыяце яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў. Дапамаглі аповеды мясцовых жыхароў — відавочцаў жорсткіх ваенных злачынстваў, дзякуючы якім выяўленае месца трагедыі".

У 2004 годзе пачалі раскопкі, але затым "іх прыпынілі з прычыны тэхнічных цяжкасцяў". Пры гэтым праца ў архівах працягвалася. Знойдзеныя сведчанні паказваюць, што, па словах пракурорскіх, "у расстрэлах разам з фашыстамі ўдзельнічалі і паліцаі-калабарацыяністы, якія вылучаліся асаблівай жорсткасцю". Пракуратура вырашыла аднавіць раскопкі.

Надпіс на помніку ў Наваельні сцвярджае, што тут у вайну былі расстраляныя каля 850 габрэяў / ru.wikipedia.org

У Наваельні да вайны, сцвярджае Вікіпедыя, пражывала 270 чалавек. Каля ста з іх былі габрэямі. Калі прыйшлі немцы, у пасёлку арганізавалі гета. З 1942 года сюды — у гета ў Наваельню — пачалі звозіць габрэяў і з суседніх мястэчак. Летам 1943-га іх усіх расстралялі ў найбліжэйшым лесе. Мясцовыя сапраўды расказвалі, што чулі ў лесе за чыгункай плач, крыкі і стогны людзей.

Гэтае пахаванне выявілі падчас будаўніцтве склада льнаэкспартнай базы, і 25 чэрвеня 2005 года на гэтым месцы быў усталяваны помнік ахвярам генацыду габрэяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.