Гродзенскага "рэйкавага партызана" асудзілі на дзевяць гадоў калоніі

Сяргей Нялепка / spring96.org

Гродзенца Сяргея Нялепку асудзілі да дзевяці гадоў калоніі па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Як пішуць праваабаронцы "Вясны", прысуд быў вынесены яшчэ 16 лістапада, але вядома пра яго стала толькі цяпер.

Прысуд агучыў суддзя Гродзенскага абласнога суда Віктар Сянько. Ён прызнаў Нялепку вінаватым паводле ч. 1 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў сувязяў); ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў); арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў); ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашенкі); ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Дарэчы, пракурор прасіў прысудзіць гродзенцу 16 гадоў пазбаўлення волі.

Гродзенскага "рэйкавага партызана" ў сакавіку 2022 года затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. На камеру ён сказаў, што затрымалі яго за рэгістрацыю ў плане “Перамога”, а таксама за ўдзел у “дэструктыўных чатах”. У снежні КДБ унёс Нялепку ў "спіс тэрарыстаў", таму яму нельга дасылаць грашовыя пераводы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.