Гродна дае прыклад найвялікшага вандалізму ў пасляваеннай Еўропе

Нагадаю, што 19 красавіка на паседжанні выязной навукова‑метадычнай рады пад кіраўніцтвам намесніка міністра культуры Уладзіміра Грыдзюшкі быў зацверджаны план па знішчэнні, па розных звестках, ад 40 да 44 дамоў старога Гродна ў гістарычным цэнтры гораду. Тады ж, па непацверджаных дадзеных, было абвешчана аб продажы “ачышчанай” тэрыторыі айчынным ды расейскім інвестарам.
Што могуць зрабіць грамадскія дзеячы, каб абараніць гістарычную спадчыну Беларусі, і як каментуюць прынятае рашэнне ўлады?

Прадстаўнік гарвыканкаму Гродна Вольга Мацко, якая адказвае за ахову помнікаў, ды Сяргей Дубавец з гродзенскага ўпраўлення ідэалогіі каментуюць гэтую падзею аднолькава, не хаваючы раздражнення:

Мацко: “Вы мне кажаце пра нейкія 40 дамоў. Я ўвогуле не разумею, пра што вядзецца гаворка! Калі вы аднекуль маеце гэтую інфармацыю, то і адрасуйце свае пытанні тым, хто такое кажа!”

І дадае, што пастановы ніякай апублікавана не было.

На паседжанне рады нікога з гісторыкаў ды грамадскіх дзеячаў сапраўды не дапусцілі, але ўдалося туды патрапіць гродзенскаму гісторыку Андрэю Вашкевічу, які інфармацыю пацвярджае і кажа, што афіцыйным шляхам нічога змяніць ужо нельга, застаецца бараніць горад грудзьмі:

“Афіцыйна паўплываць на сітуацыю мне ўжо вельмі цяжка. Ва ўсе інстанцыі, у якія можна было звяртацца, мы ужо звярталіся. Гэта і гарвыканкам, і аблвыканкам, і Адміністрацыя прэзідэнта, і Камітэт дзяржкантролю, міністэрствы культуры і архітэктуры, і Міністэрства будаўніцтва. Звярталіся і ў пракуратуру адносна “рэканструкцыі” Савецкай плошчы. Я ўжо ня ведаю, у якія інстанцыі можна звяртацца.”

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі падалі ў гродзенскі гарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць ім правядзенне серыі пікетаў 11 траўня 2007 году ў абарону Гродна.

Аляксандр Мілінкевіч сказаў наступнае:

“Я даведаўся пра гэта сёння. Тое, што адбываецца, гэта паказчык бездані паміж адукаваным грамадствам і уладаю. Маю надзею, што мы зробім усё магчымае і будзем адстойваць горад. Не яны яго будавалі, не ім яго руйнаваць.

Для мяне самае галоўнае зараз – гэта абудзіць у Гародні людзей, якія здольныя пратэставаць і арганізоўваць пратэсты. У бліжэйшыя дні я ўсё кіну і паеду ў Гародню, будзем абмяркоўваць”.


Планамі падзяліўся і кіраўнік партыі БНФ у Гродне Вадзім Саранчукоў:

“Мы прынялі рашэнне вылучыць гэтыя будынкі і павесіць на іх інфармацыйныя банеры, якія ўжо зробленыя. Далей ёсць альтэрнатыўны праект рэканструкцыі гораду, пад якім будуць збірацца подпісы.

Не хацелася б зараз усё агучваць, але дастаткова нязгоды людзей, якія жывуць у гэтых дамох, каб дамы не знеслі, бо высяліць людзей прымусова досыць складана. Адным словам, зараз усё спадзяванне на людзей, на тых, якія жывуць у гэтых дамох, і тых, хто штодзённа іх мінае”.


Відаць, прорва паміж адукаваным грамадствам і варварскай уладай велізарная, інакш яны б узгадалі словы французскага скульптара Агюста Радэна, які казаў: “У імя вашых продкаў і дзеля вашых дзяцей — заклікаю: не руйнуйце больш нічога і не рэстаўруйце.”

Фота harodnia.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі