Госці новых мінскіх гатэляў наракаюць на кепскі Wi-Fi і будаўнічы пыл

Гулец "Караліны" і зборнай Чэхіі Міхал Ёрдан пасяліўся ў новым мінскім гатэлі “Рэнесанс”, які, па словах адміністрацыі, круцейшы за пяць зорак, і атрымаў пацверджанне гэтаму — вадаспад проста ў калідоры.

"Вадаспад у гатэлі Мінска. Адно пытанне, што пайшло не так???", — напісаў вядомы хакеіст пра "невялікі патоп", які здарыўся на адным з паверхаў.

Цяпер у гатэлі, кажуць, што ўсё нармальна, а больш ніякіх каментарыяў не даюць.

Перад чэмпіянатам па хакеі ў Мінску адчынілася шмат новых гатэляў. У іх паспелі пажыць госці сталіцы і пакінуць водгукі.

"Гатэль пацвердзіў бронь. Я на ўсялякі выпадак ператэлефанаваў, і аказалася, што яны яшчэ не адчыніліся. Давялося ехаць у іншы гатэль іх сеткі на іншы канец горада. Нават і не думалі папярэдзіць, што будуць нязручнасці", — такі водгук 29 красавіка напісаў пра гатэль “IT Time” турыст Дзмітрый.

На вуліцы Прытыцкага адчыніўся “Бонотель”. Тут пастаяльцы скардзяцца на маленькія вокны, зліў у душы, адсутнасць шампуню, абменніка і разнастайнага меню.

"Браў як двухмясцовы нумар, па факце: халат, ручнік — на аднаго. Рашотка кандыцыянера не зачыненая пасля рамонту. За 4 дні прыбіраліся ў нумары 3 разы, патлумачылі, што пакаёвак не хапае", — піша пара з Расіі.

Па назіраннях Еўрарадыё, найбольш нараканняў у турыстаў, на тое, што ў гатэлях кепска працуе Wi-Fi.

"Хіба адзіным мінусам гатэля з'яўляецца "недаступны" Wi-Fi. Смартфон на Android, ноўтбук на Windows не хацелі падлучацца. Сустрэлі яшчэ двух пастаяльцаў з такой жа праблемай на Android і IOS", — піша яшчэ адна пара з Расіі.

На гэты кепскі Wi-Fi госці наракаюць госці многіх мінскіх гатэляў.

"Жахлівы Wi-Fi. Немагчыма працаваць у нумарах!!! Калі не палепшаць — больш не прыеду!", — піша турыст з Расіі пра пяцізоркавы “Прэзідэнт-гатэль”.

Гасцініца “Пекін” была пабудаваная напярэдадні чэмпіянату. На недабудаванасць наракаюць турысты.

"Мы былі аднымі з першых кліентаў, і канешне гатэль быў абсалютна не гатовы прымаць людзей. СПА і фітнэс-цэнтр былі зачыненыя, рэстараны, бар і абслугоўванне нумара былі не добра арганізаваныя да гэтага часу, — гэта 6 мая, за тры дні да адкрыцця чэмпіянату піша пара з Расіі. — Паўсюль прыбіраліся кітайскія і беларускія рабочыя. Не было Wi-Fi. Пры гэтым, персанал быў прыемным і дапамагаў. Гатэль будзе цудоўным праз некалькі месяцаў".

"Быў шэраг нязручнасцяў, звязаных з тым, што гатэль толькі адчыніўся: месцамі — пыл, які застаўся пасля рамонту, кепска злівалася вада ў душы, адзін з кранаў быў кепска замацаваны і хістаўся. Wi-Fi працаваў толькі на першым паверсе. Высокая асобная плата за наведванне басейна (каля 1000 RUR за дзень), — піша маладая пара з Расіі пра гатэль “Пекін”.

А госць з Брэста наракае, што ў нумары 1417 не працаваў душ, з-за чаго давялося мыцца ў ванне, і на непамытыя вокны з боку вуліцы.

Госці новага гатэля “Вікторыя-2” таксама наракаюць на інтэрнэт і высокія кошты.

"Wi-Fi адвальваецца кожныя чатыры гадзіны, бывае, часцей. У нумары за 10 000 рублёў (расійскіх) за ноч можна зрабіць 3 пакецікі гарбаты бясплатна", — піша пара з Зеленаграда.

Турысту з Рыбінска не спадабаўся персанал і платная паркоўка:

"У нумары не працаваў зліў туалета. Гатэль не вельмі ў цэнтры, хоць і блізка ад рэстаранаў. Сняданак не ацанілі, бо спазніліся на 10 хвілін, і хоць нас і пакармілі, але нейкімі рэшткамі. Узровень вельмі-вельмі пасрэднай трошкі, пры кошце прыстойнай пяцёркі".

Наведвальнікі “Halt Time Hotel” масава скардзяцца на адсутнасць фена, лядоўні, сняданкаў, абменніка і метро, вядома ж, бо гатэль на Каржанеўскага.

"Я разумела, што гатэль адчыніўся нядаўна, і ўпэўненая, што сервіс паслуг будзе арганізаваны ў бліжэйшы час — не было інтэрнэта, не падключылі тэрмінал для аплаты па карце ў кавярні, не знайшлі гід па горадзе", — піша турыстка з Расіі 6 мая, за тры дні да адкрыцця чэмпіянату па хакеі.

"Не хапае фена, лядоўні. Няма мацаванняў у душавой кабіне, а таксама немагчыма адрэгуляваць струмень вады. Пры высяленні пакаёўка будзе пералічваць усю маёмасць у нумары, аж да шклянак", — адгукаюцца яшчэ адны госці “Halt Time Hotel” з Расіі.

Увогуле, гасцям спадабалася, што гатэль “Беларусь” абнавілі, а што недапрацоўкі, дык яны характэрныя для многіх новых гатэляў у Мінску.

"Малады, не да канца навучаны персанал. На сайце гатэля заяўленая магчымасць наведвання саўны і басейна, але гэтыя аб'екты яшчэ не запушчаныя. Пра СПА-цэнтр і іншае нават не сталі пытаць", — піша 4 мая пара турыстаў з Расіі.

"Добры сігнал Wi-Fi, абноўлены інтэр'ер, паркоўка, выдатны від на горад, рэстаран на 22 паверсе. У ваннай не было занавескі для душа, адзін раз нумар не прыбралі (не вынесенае смецце, не запраўлены ложак, не замененыя ручнікі), — адгукаюцца пра новую "Беларусь" расіяне.

Падобны водгук пакідаюць і турысты з Германіі:

"Добрае размяшчэнне каля ракі, хуткі і бясплатны Wi-Fi, вельмі добры від з рэстарана. Ванна без занавескі для душа, кепская прыборка, ТБ не працавала, няма асвятлення у калідоры каля нумара".

Затое інтэрнэт ёсць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі